BE RU EN

Bloomberg паведаміў пра рост экспарту нафты з Ірана да даваеннага ўзроўню

  • 22.06.2026, 23:29

Актыўнасць суднаходства праз Армузскі праліў імкліва расце.

Іран нарастіў аб’ёмы адкрытай пастаўкі нафты праз Армузскі праліў да максімуму з пачатку вайны, бо актыўнасць суднаходства расце, пакуль Тэгеран і Вашынгтон імкнуцца да заключэння трывалага мірнага пагаднення. Пра гэта паведамляе Bloomberg.

Каля 6 млн барэляў нафты знаходзяцца на трох супертанкерах пад санкцыямі ЗША — Elva, Virgo і Vigor, якія ўвайшлі ў праліў раніцай у панядзелак, 22 чэрвеня, паводле дадзеных адсочвання суднаў Bloomberg. Усе яны накіроўваюцца ў воды паблізу Сінгапура, дзе іранскую нафту перагружаюць на судны, што ідуць у Кітай.

У дадатак да руху іранскіх танкераў трэйдары ацэньваюць мноства іншых прыкмет, піша Bloomberg. Сярод іх — Катар вяртае пустыя танкеры для ЗПГ, рыхтуючыся да аднаўлення паставак, а Кувейт просіць кліентаў забіраць нафтапрадукты з партоў унутры заліва.

Тры іранскія судны, паводле Bloomberg, выйшлі ад вострава Харк — асноўнага нафтавага тэрмінала Ірана. Гэты аб’ём дапаўняе нядаўні экспарт каля 20 млн барэляў з Чабахара. Перамяшчэнні адбыліся пасля таго, як ЗША знялі блакаду, што дзейнічала з сярэдзіны красавіка, лічыць агенцтва.

Bloomberg таксама піша, што прадаўцы іранскай нафты ў Кітай знізілі цэны: зніжкі на спотавыя партыі Iranian Light для паставак у ліпені прапануюцца трэйдарамі і пасрэднікамі ў параўнанні з цэнамі да заключэння часовага пагаднення.

Рух у праліве актывізуецца: на выхадных некалькі загружаных танкераў выйшлі ў Аманскі заліў, хоць некаторыя адключылі транспондары, паведамляе Bloomberg. Яшчэ тры судны тыпу Suezmax (нафтавозы, здольныя прайсці Суэцкі канал пры поўнай загрузцы — заўв.) з 2,7 млн барэляў іракскай і саудаўскай нафты пачалі падаваць сігналы ў Аманскім заліве. Іх з’яўленне дазваляе меркаваць, што яны прайшлі праз праліў без перадачы каардынат.

Трэйдары таксама адсочвалі пустыя судны, якія ўваходзяць у заліў, паколькі экспарцёры імкнуцца нарошчваць здабычу на фоне дэфіцыту складскіх магутнасцяў, паведамляе Bloomberg. Адзін парожні супертанкер з’явіўся ў заліве пасля адключэння перадатчыка, а другі ўвайшоў уздоўж узбярэжжа Омана.

Чатыры пустыя танкеры для ЗПГ, звязаныя з Катаром, зафіксавалі перасячэнне праліва ў панядзелак. У разе поспеху гэта стане рэкордам за адзін дзень з пачатку вайны, адзначае Bloomberg.

Зніжка на спотавыя партыі Iranian Light для паставак у ліпені складае ад $2,50 да $5 за барэль адносна Brent, паведамілі Bloomberg крыніцы ў гандлі. Гэта рэзкі скачок у параўнанні з $1 да здзелкі, удакладняе агенцтва.

Bloomberg таксама паведамляе, што цікавасць да пакупкі з боку незалежных кітайскіх перапрацоўшчыкаў — «чайнікаў» — застаецца стрыманай з-за страт і абмежаванняў загрузкі. Санкцыі ЗША супраць падраздзялення Hengli Petrochemical таксама падтрымліваюць насцярожанасць сярод пакупнікоў, кажуць крыніцы агенцтва.

Паводле даных Kpler, якія прыводзіць Bloomberg, каля 121 млн барэляў іранскай нафты ўсё яшчэ знаходзіцца на танкерах у Персідскім заліве і па-за ім — на 5% больш, чым тыднем раней. Каля чвэрці аб’ёму прастойвае ля ўзбярэжжа Кітая або ў Сінгапурскім праліве, падсумоўвае агенцтва.

Апошнія навіны