У якую краіну Лукашэнка вырашыў уцячы ад ультыматуму Зяленскага?
- 25.06.2026, 12:00
Падказка знайшлася ў яго інтэрв’ю.
На фоне абвастрэння адносін з Украінай і ультыматуму з боку Уладзіміра Зяленскага Аляксандр Лукашэнка раптам абвясціў пра «доўгатэрміновую камандзіроўку за мяжу».
Лукашэнка не раскрыў кірунак сваёй паездкі. Згадаў толькі, што камандзіроўка будзе доўгай. Аднак дыктатар, як піша «Зеркало», ужо згадваў, куды збіраецца, у інтэрв’ю тэлеканалу «Аль-Арабія», апублікаваным на сайце яго прэс-службы 15 чэрвеня. Тады кірункам свайго найбліжэйшага візіту ён назваў Інданезію.
— З В’етнамам у нас добрыя адносіны, з М’янмай. З Інданезіяй (вось мой найбліжэйшы візіт будзе) склаліся нядрэнныя адносіны, мы туды і прадаем, і нашы тэхналогіі яны просяць, — сказаў ён.
Палітык не называў дакладных дат, калі ён збіраецца з’ехаць. Аднак камандзіроўку ён згадаў, гаворачы пра Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які запланаваны на 25 і 26 чэрвеня 2026 года. «Таму вам давядзецца гэтым займацца перш за ўсё», — сказаў Лукашэнка прэм’ер-міністру Аляксандру Турчыну.
Нагадаем, Уладзімір Зяленскі у пятніцу, 19 чэрвеня, патрабаваў ад рэжыму Лукашэнкі на працягу тыдня прыбраць рэтранслятары дронаў, якія знаходзяцца ў памежных раёнах Беларусі і якія Расія выкарыстоўвае для каардынацыі нападаў па тэрыторыі Украіны.
«Ён можа гэта прыбраць? Думаю, яму тыдня будзе дастаткова, каб гэта зрабіць. Калі ён гэтага не зробіць, гэта зробім мы», — заявіў Зяленскі.
Учора, 24 чэрвеня, Зяленскі заявіў, што рэтранслятары спынілі працу.