У маі Узброеныя сілы Украіны вызвалілі ўдвая больш тэрыторый, чым змагла акупаваць РФ
- 25.06.2026, 19:09
Украіна пераломіла ход вайны.
На працягу мая 2026 года ўкраінскія вайскоўцы вярнулі пад свой кантроль удвая больш тэрыторый, чым за гэты ж перыяд здолела захапіць расійская армія.
Пра гэта заявіў намеснік міністра абароны Украіны па пытаннях еўрапейскай інтэграцыі Сяргей Боеў падчас панэльнай дыскусіі на Канферэнцыі па аднаўленні Украіны (URC 2026) у Гданьску ў чацвер, 25 чэрвеня, піша «Інтэрфакс-Украіна». Паводле яго слоў, цяпер на фронце з’явілася «акно магчымасцяў», якое дазволіць паскорыць завяршэнне вайны пры ўмове належнай дапамогі з боку заходніх партнёраў.
«Мы ўжо многае зрабілі дзякуючы салідарнасці нашых партнёраў і лічым, што за апошнія некалькі месяцаў нам удалося адкрыць гэта акно магчымасцяў. У мінулым месяцы плошча вызваленых намі тэрыторый удвая перавысіла плошчу тэрыторый, акупаваных Расіяй», — падкрэсліў чыноўнік.
Паводле слоў Боева, інвестыцыі Украіны ў уласную вытворчасць ударных беспілотнікаў ужо прыносяць адчувальныя вынікі, якія наўпрост уплываюць на эканамічны патэнцыял краіны-агрэсара і разбураюць варожую лагістыку. Самі далёкабойныя атакі ў Мінабароны з гумарам называюць middle-strike.
Прадстаўнік абароннага ведамства падкрэсліў, што менавіта Узброеныя сілы Украіны цяпер стрымліваюць найбольш маштабную пагрозу бяспецы на еўрапейскім кантыненце.
«У нас ёсць рэальны і вельмі добры шанец удвая павялічыць цяперашнія намаганні. Калі мы атрымаем належнае фінансаванне і інвестыцыі ў сучасныя сродкі стрымлівання, мы зможам прымусіць агрэсара спыніцца і сапраўды паставіць кропку ў гэтай вайне», — падсумаваў намеснік міністра.