«Зяленскі спакойным голасам выстаўляе новыя патрабаванні, якія для Лукашэнкі — як востры нож»
- 26.06.2026, 9:28
Дыктатар завязнуў паміж Сцылай і Харыбдай.
Зяленскі працягвае ціснуць на Лукашэнку, піша на «Позірку» палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі.
Заглушыўшы па патрабаванні Уладзіміра Зяленскага рэтранслятары, якія наводзілі расійскія дроны, Аляксандр Лукашэнка не выслізнуў з-пад прэсінгу ўкраінскага прэзідэнта. Той, як і чакалася, спрабуе развіць поспех свайго ўльтыматуму. І цяпер запатрабаваў спыніць «развіццё прыгранічнай інфраструктуры агрэсіі з боку Беларусі».
Гаворка пра тое, што паблізу ўкраінскай мяжы, паводле слоў Зяленскага, будуюцца дарогі, базы захоўвання боепрыпасаў і гаруча-змазачных матэрыялаў, якія «не маюць ніякага іншага сэнсу, акрамя ваеннага».
У красавіку ён ужо згадваў, што, паводле даных украінскай разведкі, у Беларусі «адбываецца будаўніцтва дарог да Украіны і абсталяванне артылерыйскіх пазіцый». Тады Зяленскі параіў беларускаму кіраўніцтву памятаць пра нядаўнія падзеі ў Венесуэле, намякаючы на сумны лёс Нікаласа Мадура. Цяпер без усялякіх эківокаў заяўлена: спыніце!
«Не трэба пыліць, не трэба крычаць»
Тут варта нагадаць, што яшчэ ў маі 2022 года Лукашэнка абвясціў пра рашэнне стварыць Паўднёвае аператыўнае камандаванне сухапутных войскаў (у дадатак да Заходняга і Паўночна-Заходняга). Магчыма, дарогі і базы фармальна будуюцца менавіта для патрэб Паўднёвага аператыўнага камандавання.
Але Зяленскі сцвярджае, што «ў расійскіх дакументах гэта апісваецца менавіта ў кантэксце задач так званай СВА». І зразумела, што ў любым выпадку Крэмль пры неабходнасці лёгка скарыстаецца пабудаваным, калі вырашыць пайсці ў новае наступленне на Украіну з Беларусі.
Няма сумневу, што пытанне гэтай інфраструктуры ўжо абмяркоўвалася паміж Мінскам і Кіевам па закрытых каналах. Цяпер Зяленскі, як і ў выпадку з рэтранслятарамі, вырашыў націснуць публічна.
Як павядзе сябе Лукашэнка? На камеры ён выпраменьвае міралюбства. 25 чэрвеня, прымаючы старшыню Савета Федэрацыі Федэральнага сходу РФ Валянціну Матвіенка, заявіў:
— Я ўпэўнены (і пра гэта казаў нядаўна прадстаўнікам Зяленскага), што ўсё роўна нашы народы будуць разам. <…> Прыйдзе час, мы галаву сваю ў парадак прывядзём і наладзім нашы адносіны.
У той жа дзень пра таямнічую сустрэчу з эмісарамі Зяленскага Лукашэнка распавёў і губернатару Маскоўскай вобласці Андрэю Вараб'ёву. І завочна звярнуўся да ўкраінскага кіраўніцтва:
— Давайце, хлопцы, дамаўляцца па-сур'ёзнаму. Не трэба пыліць, не трэба крычаць.
Зяленскі, уласна, і не крычыць, але сваім спакойным хрыплаватым голасам выстаўляе патрабаванні, якія саюзніку Масквы — як нож востры.
Паміж кіеўскай Сцылай і крэмлёўскай Харыбдай
Ну яшчэ куды ні ішло рэтранслятары, іх адключыць можна раз-два. Хоць і гэта наўрад ці было зроблена без кансультацый з Уладзімірам Пуціным.
Але цяпер Кіеў ставіць рубам пытанне пра дарогі, базы. А заўтра, чаго добрага, запатрабуе, каб Мінск спыніў пастаўляць расійскай арміі гаручае, паслязаўтра — каб беларуская абаронка перастала працаваць на Маскву. Намёкі на гэта ў прамовах Зяленскага ўжо прагучалі.
Прапускаць гэтыя словы міма вушэй Лукашэнка, відавочна ўражаны поспехамі ўкраінцаў у ракетна-дронавай вайне, пабойваецца. Але ён цяпер паміж кіеўскай Сцылай і крэмлёўскай Харыбдай.
Новыя патрабаванні Зяленскага да Мінска відавочна прыйдуцца Пуціну не даспадобы. Гэта па-першае. Па-другое, іх выкананне без усялякіх дронаў моцна ўдарыла б па беларускай эканоміцы, шчыльна завязанай на Расію.
Пры гэтым мяжа паміж грамадзянскай і ваеннай прадукцыяй часта размытая. Напрыклад, мікрасхемы мінскага «Інтэграла» могуць выкарыстоўвацца і ў пральных машынах, і ў блоках кіравання радароў. Паспрабуй тут правесці рысу.
Беларускага кіраўніка вывелі з зоны камфорту
Нядаўна, падчас абмеркавання ўльтыматуму Зяленскага, была выказана думка, што ў беларускага кіраўніцтва ёсць мінімальны шанец пайсці па слядах Фінляндыі часоў Другой сусветнай вайны.
Гаворка пра тое, што ў 1944-м харызматычны Карл Густаў Манэргейм, стаўшы прэзідэнтам гэтай краіны, рэзка змяніў знешнепалітычны курс, заключыў мір з Савецкім Саюзам і нават пачаў ваяваць супраць нацысцкай Германіі, з якой да таго афіцыйны Хельсінкі цесна супрацоўнічаў.
Але можна практычна стопрацэнтна прагназаваць, што Лукашэнка беларускім Манэргеймам па шэрагу прычын не стане. Карацей, беларускі кіраўнік занадта безнадзейна захрас у пастцы імперыі.
Кіеў цяпер на драйве. Яго ІПСА супраць Лукашэнкі — больш слабога звяна ў тандэме дыктатараў — прыносіць поспех. Аднак і ўкраінцам важна тут не пераграць. Аслабіць саюз беларускага кіраўніка з Крэмлём магчыма, разарваць не атрымаецца. Калі пераціснуць, можа быць адваротны эфект.
Анансаваная сустрэча з Пуціным, магчыма, апынецца для Лукашэнкі самай няпростай пасля лютага 2022 года. Да пэўнага часу яму ўдавалася захоўваць сваесаблівы баланс: з аднаго боку, зарабляць на дапамозе ВПК і арміі РФ, з другога — у пэўнай ступені дыстанцыявацца ад гэтай вайны.
Але цяпер украінцы вывелі гэтага хітрага дзеяча з зоны адноснага камфорту і, відаць, маюць намер і далей мэтанакіравана выбіваць яго з раўнавагі.
Лукашэнка ж, хутчэй за ўсё, у сваёй фірмовай манеры будзе лавіраваць у залежнасці ад таго, чыя пагроза — украінская ці крэмлёўская — будзе здавацца яму больш небяспечнай у той ці іншы момант.