BE RU EN

Калгасны косплей

  • Ірына Халіп
  • 26.06.2026, 15:37

Ці то пад Дзімона, ці то пад Мао косіць.

Пасля ультыматуму Уладзіміра Зяленскага тыдзень таму Рыгорыч заняўся косплеем па поўнай. Нічога ўласнага, аўтарскага, асабістага. Назіраеш за ім — і леніва ўспамінаеш: гэта ўжо было, гэта мы ўжо бачылі, і не раз. Падобна, у Рыгорыча крызіс жанру. Ці то надвор'е, ці то страх перад Зяленскім, ці то проста стаміўся і пара на пенсію з падарункам ад адміністрацыі ў выглядзе гадзінніка з зязюляй.

Спачатку ён косплеіў свайго аднадумцу і саюзніка Дзмітрыя «Дзімона» Мядзведзева. Памятаеце, як той падчас паездкі ў Крым у 2016 годзе адрэагаваў на скаргу мясцовай пенсіянеркі, што пенсіі не індэксуюць, жыць няма за што, а цэны шалёныя? Дзімон адказаў: «Проста грошай цяпер няма. Вы тут трымайцеся, усяго вам добрага, добрага настрою і здароўя!» Той пенсіянерцы, дарэчы, пенсію паднялі — на цэлыя 500 расійскіх рублёў. Яна памерла летась. Дзіўна, што пратрымалася амаль дзесяць гадоў.

Лукашэнка дакладна паўтарыў вобраз, толькі ў Гомельскую вобласць на ўсялякі выпадак не паехаў. Але праз губернатара перадаў жыхарам вобласці, па якіх увогуле павінны былі прыйсціся магчымыя ўдары ўкраінскай арміі ў выпадку невыканання ўмоў ультыматуму, каб яны там, у Гомелі, не хваляваліся і ні пра што не турбаваліся. І дадаў, што ў роднай краіны хопіць сілаў адбіць атаку любога агрэсара. Дзімон — як жывы: вы трымайцеся там, у Гомелі.

Няма пра што турбавацца, няма за што хвалявацца, мы адб'ём любы ўдар. Што да баяздольнасці — тут ужо праглядаецца косплей іншага дробнага гістарычнага персанажа, Мухамада Саіда ас-Сахафа. Гэта міністр інфармацыі Ірака часоў Садама Хусэйна, празваны «камічным Алі», з якога рагатаў не толькі ўвесь свет, але і самі іракцы, у тым ліку тыя, хто падтрымліваў Садама. Усур'ёз успрымаць ягоныя фразы не маглі нават тыя, хто шчыра верыў у правату дыктатара Хусэйна. «Наша першапачатковая ацэнка такая, што яны ўсе памруць», — адна з тыповых фраз «камічнага Алі».

Менавіта ён падчас вайны ў Іраку штодня праводзіў прэс-канферэнцыі для замежных журналістаў — зразумела, у вайсковай форме і з аўтаматам. Апошняя прэс-канферэнцыя адбылася 8 красавіка 2003 года. Тады ас-Сахаф казаў, што ў Багдадзе ніякіх амерыканцаў няма, і ў гэты самы час прысутныя ў зале рэпарцёры назіралі праз акно за плячыма міністра, як па вуліцах Багдада ідуць амерыканскія танкі. Праз пару гадзін пасля таго брыфінгу звалілі гіганцкі манумент, які адлюстроўваў Садама, як і сам рэжым. «Мы гатовыя адбіць любую атаку агрэсара» — з той жа серыі. Камічны Рыгорыч.

І, вядома, сустрэча з губернатарам Падмаскоўя Андрэем Вараб'ёвым — чысты, незамутнены косплей. Лукашэнка па сакрэце паведаміў Вараб'ёву, што зусім нядаўна на гэтым самым крэсле, на якім цяпер уладкаваўся падмаскоўны губернатар, сядзелі прадстаўнікі прэзідэнта Украіны (верагодна, таксама прыязджалі на форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі). І наш смельчак пагражаў прадстаўнікам Зяленскага, маўляў, няма тут чаго ўсякім украінцам спрабаваць уцягнуць Беларусь у вайну, а то калі мы ўцягнемся, дык гэта ўжо будзе вайна зусім іншае якасці, такая, што каменя на камені не застанецца. Яны, прадстаўнікі, данеслі куды трэба, і вось ужо Зяленскі больш нічога не патрабуе, бо баіцца і схаваўся.

А гэта ўжо косплей таварыша Мао. «Апошняе кітайскае папярэджанне» — гэта якраз пра яго. Падчас тайваньскага крызісу амерыканскія разведвальныя самалёты ляталі над Кітаем, як над уласнай лужайкай, і пасля кожнага палёту Злучаныя Штаты атрымлівалі ад таварыша Мао папярэджанне. Усяго іх было больш за 900. Ніякіх дзеянняў за гэтым, вядома, не было, і выраз «апошняе кітайскае папярэджанне» (які, дарэчы, стаў ідыёмай у многіх мовах) з тых самых часоў азначае пустыя бессэнсоўныя пагрозы, пасля якіх нічога не адбываецца.

Дарэчы, таварыша Мао Рыгорыч косплеіць не толькі ў гэтым. Уся дурнота накшталт палявання на вераб'ёў і стварэння атрадаў хунвэйбінаў бярэцца ім як modus operandi і прымацоўваецца іржавымі ланцугамі да беларускіх рэалій. І нічога свайго, ніякіх персанальных асаблівасцей. А дарма, Рыгорыч. Каб заняць месца ў гісторыі, трэба быць не косплеерам, а асобай. А то ж нашчадкі і не ўспомняць. І будуць казаць: «Тады пры ўладзе быў гэты… як яго… імя забыў. Ну той, які то пад Мао, то увогуле, прабач, Госпадзе, пад Дзімона касіў».

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Апошнія навіны