У Крыме папаўзлі чуткі пра вываз чыноўнікамі сем’яў у Расію
- 26.06.2026, 16:03
Акупанты ў паніцы.
У Крыме на фоне збояў з палівам і ў сувязі з адключэннямі электрычнасці пачалі распаўсюджвацца чуткі пра тое, што мясцовыя чыноўнікі нібыта вывозяць сем’і з паўвострава ў Расію, паведаміў саветнік гауляйтэра Алег Крючкоў, заўважыла The Moscow Times.
Паводле яго слоў, у крымскіх чатах фіксуюцца масавыя ўкіды з заклікамі тэрмінова пакінуць паўвостраў. «Маўляў, чыноўнікі вывезлі сем’і, трэба з’язджаць… Не дачакаецеся! Крымцы выдатна ўсё разумеюць, такое ўжо праходзілі з 2014 года. Энергетычная, вадная, транспартная… якіх блакад толькі не было!» — напісаў Крючкоў у сваім тэлеграм-канале.
Ён звярнуўся да крымцаў з просьбай выдаляць і блакаваць у дамавых і іншых чатах карыстальнікаў, якія выдаюць сябе за «дачку афіцэра», «брата салдата з перадавой» або «жонку сілавіка», і параіў давяраць толькі афіцыйнай інфармацыі.
У пятніцу, 26 чэрвеня, у Крыме і Севастопалі абвясцілі аб увядзенні рэжыму надзвычайнай сітуацыі. Паводле слоў прызначанага Расіяй гауляйтэра Крыма Сяргея Аксёнава, рашэнне дазволіць аператыўна вырашаць задачы, звязаныя з жыццязабеспячэннем насельніцтва. Рэжым НС пачаў дзейнічаць з 13:00 па мінскім часе і будзе захоўвацца да паляпшэння сітуацыі. У яго рамках улады атрымліваюць права абмяжоўваць перамяшчэнне грамадзян, прыпыняць працу прадпрыемстваў і праводзіць прымусовую эвакуацыю.