У Крыме пачалі дзейнічаць на шкоду інтарэсам пуцінскага алігарха Усманава
- 27.06.2026, 13:38
З-за праблем з электрычнасцю і інтэрнэтам.
На фоне перабояў з электразабеспячэннем і доступам у інтэрнэт у анексаваным Крыме мясцовым прадпрымальнікам часова дазволілі не выконваць патрабаванні сістэмы маркіроўкі «Честный знак» без рызыкі атрымаць штраф.
Пра гэта паведаміў прызначаны Масквой «кіраўнік» паўвострава Сяргей Аксёнаў. Паводле яго слоў, Мінпрамгандаль Расіі паведаміў наглядным органам пра неабходнасць улічваць сітуацыю, што склалася ў рэгіёне, пры правядзенні праверак.
Аналагічную заяву зрабіў і «губернатар» анексаванага Севастопаля Міхаіл Развожаеў. Рашэнне прынята на фоне пашкоджання энергетычнай інфраструктуры ў выніку атак ЗСУ, увядзення графікаў адключэння электраэнергіі і рэжыму надзвычайнай сітуацыі рэгіянальнага характару.
Сістэма «Честный знак», аператарам якой выступае Цэнтр развіцця перспектыўных тэхналогій (ЦРПТ), у абавязковым парадку ахоплівае больш за 20 таварных груп — ад малочнай прадукцыі і вады да лекаў, абутку і веласіпедаў. Пры гэтым яе распрацоўка і дзейнасць цесна звязаныя з мільярдэрам Алішэрам Усманаўым.
У 2025 годзе Усманаў перадаў сваю долю ў ЦРПТ малавядомаму пакупніку Васілю Няхарашкову, аднак, як высветліў расследавальнік ФБК Сяргей Яжоў, Няхарашкоў на працягу больш за дзесяць гадоў суправаджаў Усманава ў паездках, а адзін са знаёмых запісаў яго нумар тэлефона як «начальнік аховы АБУ» (АБУ — Алішэр Бурхановіч Усманаў. — ТМТ), што сведчыць пра захаванне кантролю з боку Усманава. Даходы ЦРПТ, паводле даных за 2023 год, перавысілі 24 млрд рублёў, а сярод акцыянераў, акрамя Усманава, лічыліся пляменнік Уладзіміра Пуціна Міхаіл Шэломаў і алігарх Юрый Кавальчук.
Сама сістэма, прызначаная для барацьбы з кантрафактам, паводле даных «Известий», спарадзіла ценявы рынак: коды Data Matrix свабодна прадаюцца на анлайн-пляцоўках і на маскоўскім рынку «Садовод» па цане ад 3 да 15 рублёў за штуку, у той час як афіцыйны кошт кода складае каля 50 капеек. За 13,5 тыс. рублёў можна набыць гандлёвую дэкларацыю ад акрэдытаванай лабараторыі без праверкі якасці тавараў. У ЦРПТ сцвярджаюць, што маркіроўка скараціла долю кантрафакту ў абутку на 71%, у лёгкай прамысловасці — на 36%, у парфумерыі — на 43%, аднак галіновыя асацыяцыі працягваюць паведамляць пра высокую долю падробак. На гэтым фоне Мінпрамгандаль раней анансаваў узмацненне кантролю за дазвольнай дакументацыяй.