BE RU EN

Для Лукашэнкі настаў адзін з самых нязручных момантаў

  • Антон Міронавіч «Беларусы і рынак»
  • 27.06.2026, 15:15

Вайна — кепскае месца для цыркавых нумароў.

Беларусам пара глядзець не на прыгожыя словы пра «мы не хочам вайны», а на вежы, рэтранслятары, расійскія базы і правакацыі вакол украінскай мяжы. Уладзімір Зяленскі 19 чэрвеня 2026 года абвясціў ультыматум Лукашэнку. І гучыць ён так: хочаш даказваць, што не ваюеш, — прыбяры з тэрыторыі Беларусі абсталяванне, якое дапамагае Расіі біць па Украіне. Тэрмін — тыдзень.

Старая лукашэнкаўская формула «мы мірныя, нас уцягваюць» пачынае трашчаць па швах. Бо вайна можа прыйсці не праз урачыстае тэлезаяўленне, а праз жалязяку на вежы, цыстэрну з дызелем, расійскі дрон і чарговую «выпадковую» гісторыю на мяжы.

Зяленскі абазначыў пазіцыю максімальна ясна

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 19 чэрвеня жорстка звярнуўся да Лукашэнкі. Сэнс яго заявы просты: калі Беларусь не ўдзельнічае ў вайне, няхай прыбярэ з тэрыторыі краіны абсталяванне, якое выкарыстоўваецца супраць Украіны.

Галоўная цытата гучыць так:

«На яго тэрыторыі ўздоўж дзвюх абласцей, сумежных з Украінай, знаходзіцца тэхніка, якая карэктуе агонь па ўкраінскім насельніцтве. Ён можа гэта зняць? Для чаго словы, што ён не хоча быць у вайне? Няхай здыме гэтую тэхніку, няхай выключыць гэтую тэхніку».

А далей працягнуў яшчэ больш жорстка:

«Я думаю, што яму тыдня будзе дастаткова гэта зрабіць. Чаму я кажу тыдня? Бо цяпер кожны дзень з-за гэтага гінуць нашы мірныя людзі, паранены дзеці. Калі ён гэтага не зробіць, зробім мы».

Назіраючы за Зяленскім ужо не першы год, трэба адзначыць, што слоў на вецер ён звычайна не кідае і ў паветры, як некаторыя лідары краін, не «пераабуваецца».

Таму яго словы літаральна можна трактаваць як папярэджанне: калі на тэрыторыі Беларусі ёсць інфраструктура, якая дапамагае Расіі наносіць удары па Украіне, такая інфраструктура можа стаць вайсковай мэтай.

І тут Лукашэнку ўжо цяжка хавацца за звыклай рыторыкай. Можна колькі заўгодна казаць: «мы не ваюем».

Калі з тэрыторыі краіны ў 2022 годзе ішло расійскае наступленне, калі адтуль ляцелі ракеты, калі цяпер там, паводле сцвярджэння ўкраінскага боку, працуюць рэтранслятары для расійскіх дронаў, дык гэта ўжо не нейтралітэт.

Гэта ўдзел без абвяшчэння ўдзелу. Такі сабе варыянт: «мы не ваюем, мы проста тут убаку зарабляем на вайне».

Рэтранслятары — гэта не драбяза на вежы

У мірны час рэтранслятар — тэхнічная дэталь. У вайне — частка сістэмы навядзення, сувязі і паражэння. Менавіта таму Зяленскі і ўдарыў не па агульных словах, а па канкрэтнай рэчы: ёсць абсталяванне — прыбярыце. Не хочаце прыбіраць — значыць, бераце на сябе наступствы.

Для беларускай аўдыторыі гэта прынцыпова важны момант. Лукашэнка шмат гадоў прадае грамадству адну і тую ж пласцінку: «галоўнае — каб не было вайны». Але мірнае неба не захоўваюць расійскай ядзернай зброяй, якая на тэрыторыі Беларусі толькі стварыла патэнцыйную небяспеку для грамадзян.

Праца сотняў беларускіх прадпрыемстваў, прадукцыя якіх ідзе ў тым ліку і на вайсковыя патрэбы Расіі, забеспячэнне палівам арміі агрэсара і інфраструктурай, якая дапамагае наносіць удары па суседняй краіне, наўрад ці можна назваць тым, што дапамагае хутчэй завяршыць вайну.

Калі тэхніка расійская — пытанне да Расіі і да таго, чаму яна стаіць у Беларусі. Калі тэхніка беларуская — пытанне яшчэ больш жорсткае. Але Зяленскі сфармуляваў гэта максімальна проста: якая розніца, чыя яна паводле дакументаў, калі стаіць на беларускай тэрыторыі і працуе супраць украінскіх цывільных?

Вось у гэтым і пастка для Лукашэнкі. Раней ён мог казаць: «мы не пасылаем салдат». Цяпер Кіеў адказвае: салдаты — не адзіная форма ўдзелу. У сучаснай вайне ваююць не толькі пяхотай. Ваююць вежамі, радарамі, рэтранслятарамі, аэрадромамі, складамі, палівам, лагістыкай і чужой тэрыторыяй.

НПЗ і паліва — яшчэ адна балючая кропка

Зяленскі асобна загаварыў пра нафтапрадукты. Ён заявіў, што Лукашэнка можа спыніць пастаўкі паліва, якое выкарыстоўваецца расійскай арміяй.

Яго фармулёўка была прамой:

«Ён сёння галоўны пастаўшчык або адзін з галоўных пастаўшчыкоў для расійскай арміі. Менавіта Лукашэнка, менавіта Беларусь. Можна гэта спыніць? Я ўпэўнены, што гэта ў яго сілах. І гэта менавіта ён кантралюе».

Гэта ўдар па самым адчувальным месцы беларускай эканомікі і расійскай ваеннай машыны. Беларусь даўно сядзіць на нафтаперапрацоўцы як на адным з ключавых крыніц грошай і ўплыву. Мазыр, Наваполацк, экспарт, перапрацоўка, схемы, залежнасць ад расійскай нафты — усё гэта не абстракцыя. Гэта галоўная артэрыя і нерв рэжыму.

Аднак пасля ўкраінскіх атак па расійскіх НПЗ тэма паліва стала яшчэ балючэйшай. Расія, якая гадамі выстаўляла сябе энергетычнай імперыяй, усё часцей сутыкаецца з праблемамі ў нафтаперапрацоўцы, лагістыцы і забеспячэнні. Газавая звышдзяржава дагулялася да бензінавай дыеты.

І вось тут для Лукашэнкі з’яўляецца небяспечнае пытанне: калі Беларусь становіцца важнай часткай паліўнай падтрымкі расійскай арміі, ці не ператвараюцца беларускія нафтапрадукты і звязаная з імі інфраструктура ў элемент вайны?

Гэта не значыць, што заўтра нехта абавязкова ўдарыць па беларускім НПЗ. Але палітычны сігнал Зяленскага зразумелы: Украіна пачынае публічна называць не толькі ракеты і дроны, але і тое, што іх жывіць — сувязь, навядзенне, паліва, лагістыку. А значыць, прастора для «гульні» ў Лукашэнкі звужаецца...

Гісторыя з аўтобусам не спрацавала

На гэтым тыдні Расія абвінаваціла Украіну ў ўдары па аўтобусе з беларускімі дзецьмі ў Бранскай вобласці. Украіна абвінавачанне адхіліла. Незалежнага пацвярджэння расійскай версіі на момант публікацыі няма.

Сама гісторыя ідэальна ўкладвалася ў прапагандысцкую кухню: дзеці, аўтобус, кроў, Украіна, «тэрарысты», «трэба адказваць». Варыцца хутка, пахне рэзка, доказы можна не даварваць.

Для Масквы такі сюжэт быў зручны. Ён мог стаць эмацыйным рычагом ціску на Мінск: маўляў, беларускіх дзяцей ужо атакуюць, колькі можна цярпець, пара адказваць плячом да пляча з Расіяй. Расійская прапаганда менавіта так і працуе — не пераконвае фактамі, а цісне карцінкай, болем і лютасцю.

Але Лукашэнка не кінуўся абвяшчаць вайну. Яго рэакцыя была асцярожнейшая, чым, магчыма, хацелася б расійскім ястрабам. Ён казаў пра правакацыю і спробы ўцягнуць Беларусь у вайну, але не зрабіў галоўнага — не даў арміі загад ваяваць.

Гэта важная дэталь. Калі гісторыя з аўтобусам была спробай прадавіць Мінск праз эмацыйны шок, яна пакуль не спрацавала. Лукашэнка, пры ўсёй залежнасці ад Масквы, выдатна разумее: беларуская армія ва Украіне — гэта не парад, не вучэнні і не сюжэт для дзяржТБ. Гэта труны, унутраны шок, рызыка непадпарадкавання, удары па інфраструктуры і канец міфа пра «мірную Беларусь».

Масква адказала пагрозамі, а не па сутнасці

Рэакцыя Расіі паказальная. Масква не стала падрабязна тлумачыць, ці ёсць у Беларусі абсталяванне, пра якое кажа Зяленскі, хто яго паставіў і для чаго яно выкарыстоўваецца. Замест гэтага расійская палітычная машына адразу пераключыла размову ў іншую плоскасць: Зяленскі пагражае Беларусі, значыць, пагражае Расіі.

Старшыня камітэта Дзярждумы па міжнародных справах Леанід Слуцкі назваў заяву Зяленскага «небяспечным перформансам» і заяўіў:

«Масква разглядае пагрозы для Мінска — члена Саюзнай дзяржавы — як аналагічныя пагрозы непасрэдна для Расіі».

Далей пайшла любімая расійская ўпакоўка: «ядзерная дзяржава», «casus belli», «правакацыя эскалацыі». То бок замест адказу на простае пытанне — што робіць вайсковая інфраструктура на тэрыторыі Беларусі — уключылі сірэну вялікага геапалітычнага шантажу.

Гэта класічны прыём. Не абмяркоўваць факты, а адразу падымаць стаўку. Не казаць, ці стаіць на беларускіх вежах тэхніка для навядзення расійскіх дронаў, а крычаць: «Вы хочаце вайны з Расіяй?» Так пытанне пра канкрэтнае абсталяванне ператвараецца ў размову пра ядзерную дактрыну.

Але для беларусаў у гэтым ёсць непрыемная праўда. Расія фактычна кажа: Беларусь — не самастойная краіна, а частка нашай ваеннай зоны. Пагроза Мінску — пагроза Маскве.

Рашэнне Лукашэнкі — не толькі рашэнне Лукашэнкі. І гэта ўжо не «братняя інтэграцыя», а нагода задумацца, дзе заканчваецца беларускі суверэнітэт і пачынаецца расійскі вайсковы аб’ект.

Пуцін можа казаць адно, а рабіць…

Пакуль няма публічнай прамой цытаты Пуціна ў духу: «Беларусь павінна ўступіць у вайну». Больш таго, сам Лукашэнка ў інтэрв’ю Al Arabiya сцвярджаў адваротнае. Паводле яго слоў, Пуцін нібыта сказаў:

«Мы разумеем, што ўступленне Беларусі ў нейкай якасці ў вайну, у канфлікт — непрымальна. Ад гэтага будзе больш шкоды, чым карысці».

На паперы гучыць амаль супакойліва. Але палітыка — гэта не толькі цытаты. Асабліва калі гаворка пра Крэмль.

Ціск можа ісці не праз фразу ў мікрафон, а праз факты на зямлі: расійская вайсковая інфраструктура ў Беларусі, сумесныя вучэнні, ядзерная зброя, дроны, рэтранслятары, залежнасць беларускай эканомікі ад Расіі, залежнасць рэжыму Лукашэнкі ад Крамля, пастаяннае выкарыстанне Беларусі як тылу.

Фармальна Пуцін можа казаць: «не трэба ўцягваць Беларусь». Практычна Расія гадамі ўбудоўвае Беларусь у сваю вайсковую сістэму. І гэта куды небяспечней за любую адну цытату.

Пастка менавіта ў гэтым: Мінск можа не абвяшчаць вайну, але быць часткай вайны. Не падпісваць загад аб наступленні, але даваць тэрыторыю. Не пасылаць салдат, але даваць паліва. Не запускаць ракеты самастойна, але абслугоўваць інфраструктуру, якая дапамагае Расіі забіваць украінцаў.

Лукашэнка паміж двума страхамі

Першы страх — Масква. Калі ён насамрэч пачне прыбіраць расійскае абсталяванне, адключаць рэтранслятары, тармазіць пастаўкі паліва для арміі РФ, гэта будзе канфлікт з Крамлём. Не абавязкова публічны. Але Крэмль такія рэчы не забывае. Асабліва калі вайна ідзе цяжка, а саюзнікаў становіцца менш.

Другі страх — Украіна. Калі Лукашэнка нічога не зробіць, Кіеў атрымае палітычны і вайсковы аргумент: Беларусь свядома захоўвае інфраструктуру, якая дапамагае Расіі біць па ўкраінцах. Тады размова пра «мірную пазіцыю» ператвараецца ў пусты шум.

Вось яны, геапалітычныя ляшчы. З аднаго боку — Пуцін, якому Беларусь патрэбная як тыл, буфер, пляцоўка і рычаг ціску на Украіну і НАТА. З другога — Украіна, якая ўжо не гатовая бясконца цярпець, калі з беларускай боку ёй прылятае вайна, але з Мінска працягваюць распавядаць казкі пра мірнасць.

Лукашэнка дзесяцігоддзямі выжываў за кошт шпагату. Трошкі туды, трошкі сюды, Маскве адно, Захаду другое, беларусам трэцяе. Але вайна — кепскае месца для цыркавых нумароў. Тут расцяжка заканчваецца хутка.

Як можа паступіць Лукашэнка?

Першы варыянт — ціха прыбраць або выключыць частку абсталявання. Не прызнаючы ультыматуму, не называючы гэта ўступкай Зяленскаму, не сварыўшыся публічна з Расіяй. Формула можа быць любая: «планавыя работы», «праверка бяспекі», «пераналадка сувязі», «недапушчэнне правакацый». Для Лукашэнкі гэта самы рацыянальны шлях: захаваць твар і знізіць рызыку ўдару.

Але ёсць праблема: калі абсталяванне расійскае, ён павінен атрымаць згоду Масквы. А Масква можа не захацець. Тады Лукашэнку давядзецца выбіраць, хто ў Беларусі гаспадар — ён ці расійскія вайскоўцы.

Другі варыянт — зрабіць выгляд, што нічога не адбываецца. Адмаўляць наяўнасць тэхнікі, крычаць пра правакацыі, паказваць па тэлебачанні трактары, дзяцей, хлеб і «спакойную Беларусь». Гэта звыклая тактыка рэжыму. Але яна небяспечная: калі Украіна сапраўды лічыць гэтыя аб’екты часткай вайсковай сістэмы РФ, тэлевізійныя адмаўленні іх не абароняць.

Трэці варыянт — падняць стаўку рытарычна, але не ваяваць. То бок пагражаць, праводзіць нарады, рухаць войскі, пужаць «адказам», але фактычна не пераходзіць мяжу. Лукашэнка так рабіў шмат разоў. Ён любіць ствараць шум замест дзеяння. Гэта можа дапамагчы перажыць тыдзень, але не вырашыць праблему, калі абсталяванне застанецца працаваць.

Чацвёрты варыянт — канчаткова легчы пад расійскі ваенны сцэнар. Узмацніць сумесную інфраструктуру, даць Маскве больш кантролю, дазволіць выкарыстоўваць Беларусь яшчэ актыўней. Гэта самы небяспечны шлях для краіны. Бо тады Беларусь не проста рызыкуе атрымаць адказ па асобных аб’ектах — яна рызыкуе канчаткова страціць рэшткі суб’ектнасці.

Што гэта значыць для беларусаў

Для беларусаў галоўная выснова непрыемная, але простая: небяспека не абавязкова прыйдзе праз абвяшчэнне вайны. Яна можа прыйсці па частках.

Спачатку — расійскія войскі «на вучэнні». Потым — ракеты з тэрыторыі Беларусі. Потым — ядзерная зброя «для стрымлівання». Потым — рэтранслятары «нязразумела чые». Потым — паліва «проста экспарт». Потым — аўтобус, правакацыя, эмоцыі, патрабаванне «адказаць». І вось краіна ўжо, нібыта, «не ваюе», але ўсё больш падобная да часткі чужой вайны.

Размовы, што Лукашэнка «захаваў мірнае неба», ужо не выглядаюць так радасна, як гэта транслююць дзяржканалы або паўтараюць людзі, якія «не цікавяцца палітыкай».

Мірнае неба не захоўваюць, калі ўпускаюць агрэсара на сваю тэрыторыю. Мірнае неба не захоўваюць, калі прыцягнулі расійскую ядзерную зброю. Мірнае неба не захоўваюць цыстэрнамі паліва для арміі, якая знішчае ўкраінскія гарады.

Украінцы гэтага не забылі. І не абавязаны забываць.

Так, у Беларусі большасць людзей не хочуць ваяваць з Украінай. Ні за Лукашэнку, ні за Пуціна, ні пад казкі пра «напад з чатырох бакоў». Беларусы бачаць, чым абярнулася вайна для Расіі: могілкамі, інвалідамі, беднасцю, страхам, азлобленасцю і бясконцай хлуснёй. Нармальнаму чалавеку туды ісці няма за што.

Бяда ў тым, што аўтарытарныя рэжымы рэдка пытаюцца нармальных людзей. Яны спачатку ствараюць ваенную рэальнасць, а потым тлумачаць насельніцтву, што «так атрымалася».

Чаму момант можа быць пераломным

Зяленскі сваёй заявай зрабіў непрыемную для Лукашэнкі рэч: перавёў размову з вобласці слоў у вобласць праверкі.

Кажаш, што не хочаш вайны? Прыбяры абсталяванне.

Кажаш, што Беларусь не ўдзельнічае? Спыні інфраструктуру, якая дапамагае Расіі.

Кажаш, што за мір? Не пастаўляй паліва арміі, якая вядзе агрэсіўную вайну.

Гэта і ёсць ультыматум не толькі Лукашэнку, але і ўсёй яго палітычнай легендзе. Бо легенда трымалася на фразе: «мы не ваюем». А цяпер ёй супрацьпаставілі пытанне: «тады чаму ваша тэрыторыя працуе на вайну?»

Для Лукашэнкі гэта, магчыма, адзін з самых нязручных момантаў з 2022 года. Ён апынуўся паміж Зяленскім, які гаворыць мовай вайсковай неабходнасці, і Пуціным, які трымае Беларусь у сваёй сістэме залежнасці.

Паміж украінскімі ўдарамі і расійскім шантажом. Паміж страхам перад Крамлём і страхам перад тым, што вайна ўсё ж прыйдзе на беларускую зямлю.

І вось тут беларусам варта глядзець не на чарговыя выступленні па тэлевізары, а на факты: што будзе з вежамі, што будзе з рэтранслятарамі, што будзе з палівам, што будзе з расійскімі аб’ектамі, што будзе з вайсковай лагістыкай.

Бо вайна рэдка прыходзіць сумленна і загадзя. Яна прыходзіць праз «часовыя меры», «сумесную бяспеку», «вучэнні», «саюзніцкі доўг» і «трэба пацярпець».

Краіна ўжо даўно стаіць на ўскрайку — проста людзям пра гэта не кажуць. Адно, у чым ёсць упэўненасць, — беларусы не пойдуць ваяваць супраць Украіны ні за Лукашэнку, ні за Пуціна.

І ніякія іх загады і «патрыятычныя» лозунгі пра «радзіму», пакуль яны са сваімі роднымі і набліжанымі будуць хавацца ў бункерах, не дапамогуць.

Антон Міронавіч «Беларусы і рынак»

Апошнія навіны