Стваральнік «Фламінга»: У выпадку ўступлення ў вайну Лукашэнка пазбавіцца ўсяго ў першыя суткі
- 28.06.2026, 13:02
Інфраструктура, якая «корміць» рэжым, будзе хутка знішчана.
Мінск вельмі ўпарта супраціўляецца ўступленню ў вайну РФ супраць Украіны, разумеючы ўласную ўразлівасць. У выпадку агрэсіі інфраструктура Беларусі, якая «корміць» рэжым Аляксандра Лукашэнкі, будзе знішчана. Пра гэта ў інтэрв’ю журналісту Сяргею Пеўчаву на YouTube распавёў Дзяніс Шцілерман — сузаснавальнік украінскай кампаніі Fire Point, якая вырабляе ракеты «Фламінга», перадае Dialog.UA.
Ён выказаў сумнеў, што Лукашэнка вырашыцца на прамы ўдзел у вайне супраць Украіны, да якога яго падштурхоўвае Крэмль, бо наступствы такога кроку будуць катастрафічнымі для рэжыму. Беларусь значна больш уразлівая, чым РФ.
«Я думаю, беларусы не ідыёты. (У выпадку ўступлення ў вайну) яны застануцца зусім без нічога ў першыя гадзіны вайны. Уся іх крытычная (інфраструктура), усё, дзе Лукашэнка жыве і набівае сабе мошну (кашалёк — рэд.), будзе знішчана ў першыя суткі», — заявіў Шцілерман.
Раней з падобнай заявай выступіў камандуючы Сіламі беспілотных сістэм ЗСУ Роберт «Мадзяр» Броўдзі. Ён папярэдзіў Мінск, што ў яго ўжо складзены спіс з 500 прыярытэтных мэт на выпадак уступлення Беларусі ў вайну.