Ці пачнуць расійскія «Герані» выбухаць пры ўзлёце?
- 28.06.2026, 17:30
На сайце «Алабугі» з'явілася паведамленне пра ўзлом унутранай інфраструктуры.
Невядомыя ўзламалі сайт асаблівай расійскай эканамічнай зоны «Алабуга», размешчанай у Татарстане, пра што сведчыць адна з архіўных копій афіцыйнай старонкі ад 27 чэрвеня, якую выявіў The Insider. На ёй часова з'явілася паведамленне ад імя падпольнай арганізацыі «Чорная іскра», якая сцвярджае, што «пранікла на вытворчасць БПЛА»:
«Некалькі месяцаў мы працавалі ўнутры сістэмы. За гэты час выгрузілі базу даных усіх супрацоўнікаў, іхніх сваякоў, месцы пражывання, ланцужкі паставак і іншае».
Як сцвярджаюць невядомыя, яны таксама пакінулі «сотні сюрпрызаў у свежых партыях „гераняў“», у тым ліку пры падрыхтоўцы да запуску гэтыя беспілотнікі будуць «выбухаць», гаворыцца ў паведамленні:
«Гэта наш адказ на прыцягненне 15-гадовых дзяцей да зборкі забойчых дронаў. А ў «Алабузе» гэтым якраз ганарацца. Спісы ўсіх датычных ужо ў нас. Некаторыя пасля кароткай размовы і пагадзіліся дапамагчы нам трапіць на вытворчасць. Зараз у «Алабузе» вялікі шухер, іх сэрвэры давялося адключаць фізічна, а фээсбэшнікі правяраюць усіх, хто можа быць датычны да пранікнення ў сістэму».
Самастойна пацвердзіць гэтую заяву немагчыма. Прадстаўнікі АЭЗ «Алабуга» каментарыяў не давалі. На дадзены момант сайт працуе спраўна.
Асаблівая эканамічная зона «Алабуга» размешчаная ў Елабужскім раёне Татарстана. Да поўнамаштабнай расійска-ўкраінскай вайны яна развівалася як прамысловая пляцоўка з замежнымі рэзідэнтамі і ўласным адукацыйным праектам «Алабуга Політэх». Пасля сыходу часткі замежных кампаній і дэфіцыту кадраў кіраўніцтва АЭЗ зрабіла стаўку на абаронныя заказы.
На тэрыторыі «Алабугі» разгарнулі вытворчасць ўдарных беспілотнікаў тыпу Shahed, якія ў Расіі называюць «Герань-2» і выкарыстоўваюць для атак па Украіне. Да працы на вытворчасці, паводле звестак журналістаў і праваабаронцаў, прыцягвалі студэнтаў «Алабуга Політэх».
На фоне абаронных заказаў Елабужскі раён стаў лідарам Татарстана па зарплатах: за год сярэдні заробак на буйных і сярэдніх прадпрыемствах раёна вырас на 72% і дасягнуў 217 тысяч рублёў. З-за вытворчасці дронаў «Алабуга» ўжо станавілася мэтай украінскіх атак: у красавіку 2024 года беспілотнікі ўдарылі па комплексе інтэрнатаў для супрацоўнікаў і студэнтаў, звязаных з вытворчасцю БПЛА.