BE RU EN

Дзіўная імперыя

  • Віталь Портнікаў
  • 28.06.2026, 18:42

Здавалася б, крах Савецкага Саюза павінен быў стаць для расіян урокам.

Расія імкнецца аднавіцца як імперыя. Імперыя павінна знікнуць. Вайна за Украіну — апошні бой імперыі… Мы так часта паўтараем гэтыя або падобныя фразы, што не пакідаем сабе нават крупіцы сумневу ў імперскім характары суседняй дзяржавы. Урэшце, да 1917 года гэтая краіна з лёгкай рукі Пятра I так і называлася — Расійская імперыя, ды і Савецкі Саюз не пакідаў ніякіх сумневаў у яго імперскай сутнасці.

Але калі гэта імперыя — магчыма, апошняя кантынентальная імперыя, якая ніяк не можа знікнуць, — дык чаму ж яна так дзіўна сябе вядзе? Найбольшая па тэрыторыі краіна свету, якая стагоддзямі застаецца незаселенай у сваёй неэўрапейскай частцы, ужо чатыры гады б’ецца за Аўдзееўку або Канстанцінаўку, нафтадолары трацяцца перадусім на вайну — і гэта пры тым, што ў Расіі засталося толькі некалькі рэгіёнаў, здольных пракарміць дзяржаву. Ну добра, гэта вар’яцтва Пуціна. Але і ў 1990-я, калі грошай не было наогул, Расія з дапамогай уласнай арміі захоўвала кантроль над Прыднястроўем або Абхазіяй і была гатовая вырашаць канфлікт з Ічкерыяй шляхам крывавай вайны. А 1920-я гады мінулага стагоддзя! Разруха, голад, поўная катастрофа — але Чырвоная Армія спрабуе аднавіць імперскія межы, і бальшавіцкія правадыры не могуць супакоіцца літаральна да 40-х гадоў ХХ стагоддзя, да анексіі Тувы… Пры гэтым на большай частцы анексаваных земляў не адбываецца ніякага развіцця — нават самі расіяне пачынаюць казаць пра дзіўную імперыю, якая вымушаная траціць грошы на награбаванае.

Расія і насамрэч дзіўная імперыя. У сусветнай гісторыі існуюць два імперскія тыпы. Першы — «аседлая» імперыя, якая пасылае войскі па чужыя рэсурсы, гэта вечная гісторыя, можна сказаць, ад Рыма да Вялікабрытаніі. І другі — імперыя качавая, якая перадусім змагаецца за жыццёвую прастору, а з рэсурсамі асабліва не лічыцца, яны для яе не на першым месцы. І яскравы прыклад такой імперыі — Залатая Арда.

З Масквой адбылася дзівосная мутацыя. Маскоўскае княства апынулася аседлай акраінай качавой імперыі і пераняло яе палітычную культуру. Заняпад Залатой Арды пачаўся менавіта тады, калі яна аказалася няздольнай ажыццяўляць экспансію на новыя тэрыторыі і пачала літаральна скарачацца, распадацца на карысць уласных акраін. Найбольш удачлівай і жорсткай яе наступніцай аказалася менавіта Масква, уся гісторыя якой — суцэльная і неўтаймоўная экспансія, што пачалася літаральна з першых дзён ператварэння княства ў самастойную дзяржаву і не спынялася ніколі, літаральна ніколі. Пры гэтым нельга сказаць, што расіянам патрэбная жыццёвая прастора — яны не могуць асвоіць нават еўрапейскую частку сваёй краіны, пра Сібір і Далёкі Усход я проста маўчу. І пры гэтым нельга сказаць, што яны вядуць нейкую асэнсаваную вайну за рэсурсы — усё гэта адбываецца паводле прынцыпу паводзінаў любімага рускага казачнага героя Ямелі, які робіць сваю кар’еру, не пакідаючы роднай печы. Калі на захопленай тэрыторыі выявіліся залежы нафты — выдатна, будзем жыць за кошт нафты і будаваць новыя гарматы і танкі, каб яшчэ нешта захапіць. А калі не выявіліся — ну і хай, затое захопленая тэрыторыя «роўная чатыром Францыям», во як! Усё павінна быць вялікім і бессэнсоўным — цар-гармата, якая ніколі не страляла, цар-звон, які ніколі не званіў, цар-тэрыторыя, якую ніколі не засялялі і не асвойвалі.

Таму я думаю, што ўвесь сэнс — менавіта ў гэтай неўтаймоўнай экспансіі, нават не ў імперыі. Трэба рухацца, каб замаскіраваць цывілізацыйную імпатэнцыю, немагчымасць нічога стварыць самастойна, неабходнасць пастаянна пераймаць і красьці — а рух дае магчымасць выдаваць скрадзенае за сваё, ды яшчэ і павучаць іншых з вышыні ўласнага «маральнага аўтарытэту», заснаванага нават не на якасці, а на памерах. Таму камуністычная рэвалюцыя сапраўды магла перамагчы найперш у Расіі, бо адпавядала гэтай ідэі экспансіі і была — не варта забывацца — менавіта «сусветнай», а не расійскай рэвалюцыяй, адсюль усе гэтыя Венгерскія і Баварскія савецкія рэспублікі. Сталін перамог галоўнага ідэолага «сусветнай рэвалюцыі» Троцкага таму, што цвяроза разлічыў сілы Савецкай Расіі і ўсвядоміў, што на аднаўленне старой імперыі пад новымі лозунгамі іх хопіць, а на ўвесь свет — куды там! Але вось калі Савецкі Саюз апынуўся сярод пераможцаў у Другой сусветнай вайне, тут ужо пачалася экспансія, якой сам Троцкі апладзіраваў бы — Цэнтральная Еўропа, Кітай, паў-Карэі, Куба, з часам Ангола з Мазамбікам і нават Эфіопія! Усё пачало абвальвацца на Афганістане, але прычына была не толькі ў непрадуманай вайне, а і ў тым, што Масква проста аказалася няздольнай ні да развіцця краін у новай вялізнай сферы ўплыву, ні да спажывання іх рэсурсаў. Яна даводзіла да дэградацыі іх і дэградавала сама — і справа была не толькі ў камунізме як такім, а менавіта ў Расіі. Дастаткова проста параўнаць узровень жыцця і самарэалізацыі людзей у камуністычнай Югаславіі маршала Ціта і ў суседніх з ёй краінах савецкага лагера, каб усё зразумець. І я вельмі добра памятаю, як у савецкія часы многія інтэлектуалы марылі хаця б пра такі югаслаўскі сацыялізм, не ўсведамляючы, што галоўная праблема была ў сутнасці расійскай экспансіі, а не проста ў камуністычнай ідэалогіі.

Здавалася б, крах Савецкага Саюза павінен быў стаць для расіян урокам — але ж не стаў! Спачатку яны гэтага краху проста не заўважылі і вырашылі, што цяпер жывуць у СНД. А калі ўсвядомілі, што ўсё ж апынуліся ў Расіі, пажадалі гэтую Расію пашырыць хаця б да межаў таго самага СНД. Прыднястроўскую «незалежнасць» расіяне падтрымалі літаральна праз некалькі месяцаў пасля краху Савецкага Саюза. Паслалі войскі і «дабраахвотнікаў» на Каўказ. Затым была вайна ў Грузіі, анексія Крыму, Украіна — і пры гэтым рускі чалавек крадзе ўнітазы ў Бучы!

Апошнімі днямі на фоне нечаканай для Масквы катастрофы ў Крыме я задумваюся над тым, што яны будуць рабіць, калі спыняцца, не змогуць перамагчы Украіну і будуць вымушаныя спыніць экспансію. Ці здольныя яны спыніцца ўвогуле, калі экспансія з’яўляецца сутнасцю іх дзіўнай і дзікай цывілізацыі? Што яны будуць рабіць без экспансіі, калі ўсё, што яны да гэтага часу рабілі, было дзеля экспансіі? Зганяць злосць на нярускіх народах, каб тыя спрабавалі ад іх аддзяліцца і з’явіліся новыя магчымасці для «збірання земляў»? Варагаваць паміж сабой? Ці проста сціснуць зубы, зробяць выгляд, што ўсё зразумелі, знойдуць сабе новага маладога Пуціна і будуць рыхтавацца да новай вайны і новай экспансіі?

Віталь Портнікаў, zbruc.eu

Апошнія навіны