Трое беларусаў патрапілі на драфт НХЛ
- 28.06.2026, 19:28
Першым з беларусаў быў задрафтаваны 19-гадовы нападнік.
На драфце НХЛ 2026 года клубы наймацнейшай хакейнай лігі свету выбралі трох беларускіх хакеістаў. Правы на іх атрымалі «Ванкувер Кэнакс», «Нью-Джэрсі Дэвілз» і «Пітсбург Пінгвінз».
Першым з беларусаў быў задрафтаваны 19-гадовы нападнік Яраслаў Брызгалаў. У чацвёртым раўндзе «Ванкувер» выбраў форварда пад агульным 97-м нумарам. У мінулым сезоне Брызгалаў выступаў за «Мэдысін-Хэт Тайгерз» у Заходняй хакейнай лізе (WHL), дзе ў 64 матчах рэгулярнага чэмпіянату набраў 55 (17+38) ачкоў, а ў 15 матчах плэй-оф запісаў на свой рахунак яшчэ 14 (5+9) ачкоў.
У пятым раўндзе пад агульным 149-м нумарам «Нью-Джэрсі» выбраў 18-гадовага галкіпера Данііла Русаковіча. У мінулым сезоне варотар абараняў колеры «Дынама-Шынніка» ў МХЛ.
Яшчэ адным беларусам, абраным на драфце, стаў 18-гадовы варотар Мацвей Ніконавіч. Пад агульным 160-м нумарам яго задрафтаваў «Пітсбург».
Для «Пінгвінз» гэта ўсяго другі выпадак у гісторыі, калі клуб выбраў беларускага хакеіста на драфце НХЛ. Першым быў Канстанцін Кальцоў, якога ў 1999 годзе каманда выбрала ў першым раўндзе пад 18-м нумарам.
Як паведамляе Федэрацыя хакея Беларусі, за ўсю гісторыю драфтаў НХЛ клубы лігі ўжо выбралі 48 беларускіх хакеістаў. Па выніках драфту 2026 года Беларусь з трыма абранымі хакеістамі заняла дзявятае месца сярод усіх краін. Сёлета клубы НХЛ замацавалі правы на 224 гульцоў з 16 дзяржаў.