Знайшоўся 84‑гадовы мужчына, які тыдзень таму згубіўся ў лесе пад Гроднам
- 29.06.2026, 8:50
Ён жывы.
84‑гадовы Анатоль Валкоў 22 чэрвеня пайшоў у лес па грыбы паблізу аграгарадка Парэчча ў Гродзенскім раёне і пасля гэтага не вярнуўся. Але яшчэ тры дні таму з ім была сувязь.
Учора яго дачка Вікторыя Фабішэўская, якая цяпер жыве ў вымушанай эміграцыі ў Польшчы, напісала ў фэйсбуку адчайны допіс:
«Гродна, калі ласка, дапамажыце! Мой тата згубіўся ў лесе. Патрэбныя валанцёры, гатовыя далучыцца да пошуку. Тата ў лесе ўжо 7 дзён. Апошні раз ён выходзіў на сувязь у ноч на пятніцу. Трымаўся добра. Сказаў, што робіць зарадку. Сёння ўвечары пошук спынены. І ёсць верагоднасць, што яго не будуць працягваць. Не хапае людзей. Я веру, што тата жывы. Ён моцны і вытрымлівы, нягледзячы на ўзрост. Калі б не спякота, я б увогуле не сумнявалася, што ўсё будзе добра», — пісала яна ўчора.
Сёння яна паведаміла, што Анатоль Валкоў знайшоўся і жывы.