Ці могуць беларусы застацца без паліва?
- 29.06.2026, 10:55
«Беларуснафта» пра рост спажывання бензіну.
Паліва на заправачных станцыях і складах захоўвання нібыта дастаткова, усе заяўкі ад нафтаперапрацоўчых заводаў выконваюцца згодна з графікам, — расказаў у эфіры праўладнага тэлеканала СТВ начальнік упраўлення забеспячэння вуглевадароднай сыравінай і рэалізацыі прадукцыі цэнтральнага апарата «Беларуснафта» Валерый Атрошчанка.
Ён назваў рост спажывання паліва на АЗС «звычайным і традыцыйным».
— Мы да гэтага попыту гатовыя. Дзе, на асобных заправачных станцыях, павялічваецца аб’ём спажывання, — паліва завозіцца своечасова, каб забяспечыць бесперабойнае абслугоўванне нашых кліентаў, — сказаў Валерый Атрошчанка.
Паводле яго слоў, многія суседзі прыязджаюць у Беларусь, у тым ліку на АЗС.
— На сёння ніякіх абмежаванняў, ніякіх лімітаў на прыгранічных заправачных станцыях альбо любых іншых аб’ектах няма. Сёння паліва ў свабодным доступе, у неабходнай колькасці, — заявіў Валерый Атрошчанка.