Радзіму першага Героя Беларусі хочуць забудаваць шматпавярхоўкамі
- 29.06.2026, 21:26
Мясцовыя супраць — дайшлі да міністра.
Жыхары прыватнага сектара брэсцкага мікрараёна Граеўка прыйшлі на прыём да міністра архітэктуры і будаўніцтва Аляксандру Студневу «з фотаздымкамі сваіх дагледжаных дамоў і трывогай у вачах». Так яны стараліся адстаяць сваю зямлю. У выніку жыхарам Граеўкі, прынамсі, на пэўны час гэта ўдалося, заўважылі праваабаронцы.
У маі Брэсцкі гарвыканкам прадставіў на грамадскае абмеркаванне «праект забудовы жылога мікрараёна па вул. Краснагвардзейскай», які закранае дзесяткі гектараў тэрыторыі горада. На працэдуру адвялі два тыдні.
Як пісала мясцовая раёнка, 12 чэрвеня жыхары прыватнага сектара мікрараёна Граеўка «прыйшлі на прыём з фотаздымкамі сваіх дагледжаных дамоў і трывогай у вачах». Паводле планаў, пасля 2030 года тут хочуць узвесці шматпавярхоўкі, дзеля гэтага трэба знесці 40 прыватных дамоў. Іх цікавіла, чаму пад новабудоўлі выбралі менавіта іх зямлю. Яны лічаць, што архітэктурна-планіровачная канцэпцыя будучай забудовы складзена нерацыянальна, без уліку інтарэсаў мясцовых жыхароў.
У адказнай прамове міністр заклікаў не панікаваць загадзя. Ён нагадаў, што цяпер праект праходзіць стадыю грамадскіх абмеркаванняў, і заклікаў гараджан актыўней удзельнічаць у дыялогу, «бо ўсе заўвагі будуць разгледжаныя і абагульненыя гарвыканкамам». Студнеў узяў паўзу на дэталёвае вывучэнне Генплана Брэста і ўсёй гарадбудаўнічай дакументацыі, паабяцаўшы даць матываваны адказ у вызначаныя законам тэрміны. А запрошаныя на сустрэчу прадстаўнікі мясцовай улады і забудоўшчык (ЗАО «Полесьежилстройпроект») запэўнілі, што канцэпцыя яшчэ не зацверджана і будзе дапрацоўвацца.
У выніку 15 чэрвеня стала вядома, што ў мясцовыя ўлады паступіла 44 заўвагі і прапановы, у тым ліку «аб парушэнні правоў і законных інтарэсаў жыхароў». Вось адказ канкрэтна на гэтую прэтэнзію: у гарвыканкаме чамусьці заявілі, што «забудова ўчастка шматкватэрнай жылой забудовы як дзяржаўны заказ будзе выконвацца адзіным забудоўшчыкам УП „УКС города Брэста“».
Аднак у выніку вырашылі адхіліць прапанаваны праект і накіраваць яго на дапрацоўку, а затым зноў вынесці на грамадскае абмеркаванне.
Заўважым, што родам з Граеўкі — першы Герой Беларусі, лётчык Уладзімір Карват.
У гэтым раёне таксама захавалася брукаваная каменнем дарога, якая перажыла дзве войны.