Золата апярэдзіла казначэйскія аблігацыі ЗША
- 3.06.2026, 3:46
Каштоўны метал стаў найбуйнейшым рэзервовым актывам у свеце.
Золата ўпершыню апярэдзіла казначэйскія аблігацыі ЗША па долі ў сусветных афіцыйных рэзервах і стала найбуйнейшым рэзервовым актывам цэнтральных банкаў. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы Еўрапейскага цэнтральнага банка аб міжнароднай ролі еўра.
Паводле ацэнак ЕЦБ, на канец 2025 года на золата прыпадала 27% афіцыйных міжнародных рэзерваў. Для параўнання, доля казначэйскіх аблігацый ЗША складала 22%, а еўра — 15%. Годам раней золата займала толькі 20% сусветных рэзерваў.
У ЕЦБ тлумачаць рост ролі золата спалучэннем двух фактараў: актыўнымі закупамі з боку цэнтральных банкаў і рэзкім ростам кошту каштоўнага металу. У 2024 годзе цана золата вырасла прыблізна на 30%, а ў 2025 годзе — яшчэ на 60%.
У той жа час рэгулятар адзначае, што частка росту долі золата звязана менавіта з яго падаражаннем. Калі ацэньваць рэзервы па цане золата на канец 2023 года, долі золата і еўра склалі б па 16%, тады як доля амерыканскіх казначэйскіх аблігацый заставалася б вышэй — 26%.
Прэзідэнт ЕЦБ Крысцін Лагард адзначыла, што ўзмацненне геапалітычнай напружанасці надалей будзе стымуляваць попыт цэнтральных банкаў на золата. Паводле дадзеных рэгулятара, установы ў краінах з павышанымі рызыкамі вонкавых канфліктаў дэманструюць большую схільнасць да нарошчвання залатых рэзерваў.
Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе найбуйнейшым пакупніком золата стаў Кітай, які набыў больш за 350 тон металу. Значна павялічылі рэзервы таксама Польшча — больш як на 320 тон, Турцыя — больш як на 220 тон, і Індыя — больш як на 130 тон. Толькі ў 2025 годзе найбуйнейшым афіцыйным пакупніком золата была Польшча, якая папоўніла рэзервы прыкладна на 100 тон.
Пасля пачатку вайны на Блізкім Усходзе, як адзначаецца ў справаздачы, асобныя цэнтральныя банкі былі вымушаныя прадаваць золата і казначэйскія аблігацыі ЗША для падтрымкі нацыянальных валютаў і эканомік. Найбуйнейшы распродаж правёў цэнтральны банк Турцыі, які прадаў або перадаў у пазыку каля 130 тон золата, каб стрымаць ціск на ліру і кампенсаваць рост выдаткаў на імпарт энерганосьбітаў.
Нягледзячы на рост ролі золата, у ЕЦБ напамінаюць пра яго абмежаванні як рэзервовага актыву. Метал не прыносіць працэнтнага даходу, патрабуе выдаткаў на захоўванне і характарызуецца высокай цэнавай валацільнасцю. У той жа час на фоне ўзмацнення геапалітычнай няпэўнасці попыт цэнтральных банкаў на золата застаецца стабільна высокім.
Асобна рэгулятар звяртае ўвагу на скарачэнне ўкладанняў афіцыйных інстытутаў у амерыканскія дзяржаўныя аблігацыі.
Аб'ём казначэйскіх папер ЗША, якія цэнтральныя банкі і іншыя афіцыйныя ўстановы трымаюць праз Федэральны рэзервовы банк Нью-Ёрка, у сакавіку 2026 года скараціўся на $82 млрд — да $2,7 трлн, што стала найніжэйшым паказчыкам з 2012 года.