У Санкт-Пецярбургу адключылі мабільны інтэрнэт
- 3.06.2026, 10:52
Не працуюць нават рэсурсы з так званага «белага спісу».
Жыхары Санкт-Пецярбурга засталіся без мабільнага інтэрнэту ў дзень пачатку Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму (ПМЭФ) 3 чэрвеня. Адключэнні пачаліся каля першай гадзіны ночы і працягнуліся раніцай, закрануўшы тысячы карыстальнікаў, сведчаць даныя Downdetector. Гараджане скардзяцца, што ў іх не адкрываюцца сайты і прыкладанні, а ў наземным грамадскім транспарце даводзіцца плаціць наяўнымі. Паводле «Бумагі», не працуюць нават рэсурсы з «белага спісу».
Каля трох гадзін ночы губернатар Ленінградскай вобласці Аляксандр Драздзенка папярэдзіў пра «паніжэнне хуткасці» мабільнага інтэрнэту ў сувязі з беспілотнай небяспекай. Па яго словах, усяго было «збіта» 59 дронаў. У выніку атакі загарэўся «Пецярбургскі нафтавы тэрмінал». Улады Санкт-Пецярбурга абвясцілі беспілотную небяспеку ранняй раніцай. Губернатар Аляксандр Бяглоў паведаміў, што дроны ўдарылі па «аб’ектах інфраструктуры» ў Кранштаце, Кіраўскім і Краснасельскім раёнах горада: ёсць разбурэнні, пацярпелі «некалькі» чалавек. Некаторыя карэспандэнты на ПМЭФ атрымалі sms-апавяшчэнні аб пагрозе атакі БПЛА, збоі ў працы мабільнага інтэрнэту і сутыкнуліся з адключэннем сувязі. Нягледзячы на тое, што пасля 8:00 рэжым беспілотнай небяспекі быў зняты, доступ у Сеціва так і не аднавілі — скаргі працягваюць паступаць.
З-за атакі таксама была абмежавана праца аэрапорта Пулкава. У прэс-службе паветранай гавані паведамілі, што больш чым на дзве гадзіны затрымліваюцца 42 рэйсы. З запасных аэрадромаў чакаюць вылету яшчэ 12 бортаў.
Напярэдадні ПМЭФ Бяглоў заявіў, што ў Пецярбургу «прынятыя вычарпальныя меры бяспекі». Ён запэўніў, што «новыя выклікі ўлічаны ў поўным аб’ёме». Форум пройдзе з 3 па 6 чэрвеня, у перадапошні дзень на ім павінен выступіць прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін.