У Турцыі на вяршыні вулкана знайшлі велізарны антычны горад-прывід
- 3.06.2026, 10:53
Знаходку ўжо называюць археалагічнай сенсацыяй.
На гары Ліфос у цэнтральнай Турцыі раптоўна сышоў сезонны сняг, і пад ім праступілі контуры нечага грандыёзнага. Проста на вяршыні патухлага вулкана выявіліся сцены, рэшткі жылых кварталаў і старажытныя гідратэхнічныя збудаванні, піша NV.
Увесь гэты велізарны комплекс размешчаны на шалёнай вышыні — 2509 метраў над узроўнем мора. Дроны, якія паднялі ў паветра адразу пасля таяння снягу, знялі магутную ўмацаваную зону плошчай амаль 74 300 квадратных метраў. Унутры гэтых муроў выразна праглядаюцца фундаменты будынкаў, таямнічыя памяшканні і глыбокія рэзервуары для вады.
Мясцовы гісторык і пісьменнік Халіт Эркілетліаглу называе гэтае месца адной з найважнейшых і найменш вывучаных археалагічных загадкаў сучаснай Турцыі. Ён вылучыў смелую гіпотэзу, што гэта старажытнае язычніцкае свяцілішча або сапраўдны «горад-храм», які наўпрост звязаны з культам Зеўса. На яго думку, сюды, бліжэй да неба, падымаліся калоны пілігрымаў, каб прайсці абрады ачышчэння і прыхіліць багоў.
Пакуль сур'ёзных, сістэмных раскопак на гары ніхто не праводзіў, таму афіцыйная навука тэорыю пра храм не пацвярджае, але і не абвяргае. Аднак маштабы збудавання на такой вышыні ўражваюць самі па сабе. Гэта не нейкая банальная абарончая вежа або часовая стаянка пастухоў. Эркілетліаглу адзначае, што знешняя сцяна комплексу цягнецца на цэлы кіламетр, а яе вышыня калісьці дасягала трох–чатырох метраў. Прычым будавалі яе без ані грама раствору — проста сухой кладкай з масіўных валуноў.
Старыя лакальныя хронікі таксама згадвалі, што вяршыня Ліфоса нагадвае кратэр, абнесены мурамі з вежамі, якія стаялі кожныя 66 метраў, а ўнутры хаваліся каменныя дамы і аркавыя грабніцы. Навошта было так моцна напружвацца і будаваць паўнавартасны фартыфікацыйны горад вышэй за аблокі? Відавочна, не дзеля таго, каб проста перачакаць непагадзь. Наяўнасць вялікіх цыстэрнаў намякае, што людзі заставаліся тут надоўга, магчыма, цэлымі сезонамі.
Увогуле ў антычнасці рэлігію і вайсковую справу ніхто не раздзяляў. Храмавы комплекс на вяршыні мог адначасова працаваць як стратэгічны назіральны пункт. Гара Ліфос цалкам кантралюе шлях да плато Тэкір — аднаго з найважнейшых праходаў праз горны масіў Эрджыес. З вяршыні адкрываецца панарамны агляд на дзесяткі кіламетраў, што давала ўладальнікам цытадэлі як практычную вайсковую перавагу, так і сімвалічную ўладу над усім рэгіёнам.