Праз Беларусь спрабавалі вывезці дэталі для танкаў
- 3.06.2026, 11:30
Іх маскіравалі пад кітайскія рухавікі для электрастанцый.
Беларускія мытнікі і памежнікі паведамілі, што раскрылі злачынную схему па перамяшчэнні дэталяў для ваеннай тэхнікі ў краіны Еўразвязу з Расіі праз Беларусь, піша «Белсат».
Мытня Беларусі паведамляе, што чацвёра грамадзян Беларусі «ў змове з іншымі неўсталяванымі асобамі» увезлі ў Беларусь з Расіі рухавікі, блок-картэры, трансмісіі і камплектуючыя да іх, якія выкарыстоўваюцца пры стварэнні танкаў, баявых машын пяхоты і дэсанту.
«У Мінску з дэталяў узбраення зрывалі біркі, здымалі навясное абсталяванне, ажыццяўлялі афарбоўку і маркіроўку кітайскімі іерогліфамі. Такім чынам ім надавалі выгляд нібыта рухавікоў кітайскай вытворчасці для электрастанцый. Далей змененыя тавары змяшчалі пад працэдуру экспарту, каб вывезці на тэрыторыю ЕС», – паведамляюць мытныя органы Беларусі.
Пасля таго, як у Беларусі затрымалі два грузавікі з 24 пераробленымі «кітайскімі рухавікамі», сілавікі правялі 22 вобшукі, падчас якіх канфіскавалі ў падазраваных «прадметы ўзбраення» і каля 100 тысяч долараў наяўнымі. Усяго па крымінальных справах канфіскавана 200 складовых частак узбраення.
У выніку ў Беларусі ўзбудзілі крымінальныя справы па ч. 2 арт. 333-1 КК. Вядома, што два чалавекі арыштаваныя.