Аварыі на шахтах паказалі цану энергетычнага росту Кітая
- 3.06.2026, 13:20
Улады ўтойваюць колькасць ахвяр.
Кітай скаланулі дзве буйныя аварыі на горназдабыўных аб’ектах, якія зноў прыцягнулі ўвагу да праблем бяспекі ў галіне, піша Foreign Policy (пераклад — сайт Charter97.org).
Найбольш цяжкая трагедыя адбылася 22 мая на прыватнай вугальнай шахце Люшэньюй у правінцыі Шаньсі. У выніку выбуху загінулі не менш як 82 чалавекі. Гэта найбуйнейшая аварыя ў кітайскай горназдабыўной прамысловасці больш як за 15 гадоў. Праз некалькі дзён у правінцыі Юньнань абрынулася нелегальная шахта, меркавана звязаная са здабычай рэдказямельных металаў. Там загінулі яшчэ пяць чалавек.
Паводле звестак аналітыкаў, мясцовыя ўлады спачатку занізілі колькасць ахвяр, аднак пасля ўмяшання цэнтральнага ўрада дадзеныя былі перагледжаныя. Падобная практыка не раз станавалася прадметам крытыкі, бо буйныя аварыі негатыўна адбіваюцца на кар’еры рэгіянальных чыноўнікаў.
Афіцыйна Кітай дасягнуў значнага прагрэсу ў сферы бяспекі шахт. Калі напрыканцы 1990-х гадоў штогадовая колькасць загінулых шахцёраў перавышала сем тысяч чалавек, то да канца 2010-х яна скарацілася да некалькіх соцень. Аднак эксперты лічаць, што частка паляпшэнняў звязаная не толькі з рэформамі, але і з няпоўнай статыстыкай.
Расследаванне паказала, што на шахце ў Шаньсі амаль палова работнікаў працавала нелегальна. Такія супрацоўнікі часта не праходзяць неабходную падрыхтоўку, працуюць звышурочна і не забяспечаныя сучаснымі сродкамі бяспекі.
Нягледзячы на актыўнае развіццё аднаўляльнай энергетыкі, вугаль застаецца асновай кітайскай энергасістэмы і забяспечвае большую частку вытворчасці электраэнергіі. Таму ўлады апынаюцца перад складаным выбарам паміж жорсткім кантролем за бяспекай і захаваннем высокіх аб’ёмаў здабычы паліва.