Мінімальная зарплата ў Польшчы можа дасягнуць 5000 злотых
- 3.06.2026, 14:06
Улады абмяркоўваюць памер мінімалкі на 2027 год.
У Польшчы абмяркоўваюць памер мінімальнай зарплаты на 2027 год. Міністэрства сям'і, працы і сацыяльнай палітыкі прапануе ўстанавіць мінімалку ў памеры 4986 злотых, а мінімальную пагадзінную аплату — 32,6 злотых, піша выданне Rzeczpospolita са спасылкай на РАР.
Такім чынам, мінімальная штомесячная зарплата павялічыцца на 180 злотых (3,7%), а пагадзінная — на 1,20 злотых (3,8%).
Прапанаваная мінімалка складае палову прагназаванай сярэдняй зарплаты, якая ў 2027 годзе, як мяркуюць у міністэрстве, вырасце да 9971 злотых.
Тры буйныя прафсаюзы — NSZZ Solidarność, OPZZ і FZZ — прапануюць павысіць мінімальную зарплату да 5200 злотых, каб абараніць узровень жыцця работнікаў ад росту цэн.
У той жа час працадаўцы лічаць, што рост мінімальнай зарплаты павінен адпавядаць прагназуемаму ўзроўню інфляцыі (3% у 2027 годзе).
Рада міністраў да 15 чэрвеня прадставіць прапанову аб памеры мінімальнай зарплаты ў Радзе грамадскага дыялогу, у якую ўваходзяць прадстаўнікі ўрада, працадаўцаў і прафсаюзаў. Далей пачнуцца кансультацыі, якія павінны прайсці ў 30-дзённы тэрмін. Памер мінімалкі на наступны год павінен быць апублікаваны да 15 верасня.