У Беларусі забаранілі папулярныя кітайскія цукеркі
- 3.06.2026, 15:04
У іх знайшлі цэлы букет шкодных дабавак.
Дзяржстандарт зноў знайшоў цэлы букет парушэнняў у кітайскіх прысмаках, якія асабліва любяць дзеці. Іх прызналі небяспечнымі і вырашылі прыбраць з рынку.
З 4 чэрвеня частку прадукцыі нельга больш увозіць і прадаваць у Беларусі, а па некаторых пазіцыях дадаткова анулявалі дакументы, якія пацвярджалі адпаведнасць прадукцыі патрабаванням бяспекі.
Пад забарону трапілі жэле, мармелад, лядзянцы, карамель і папулярныя вадкія цукеркі ў незвычайнай упакоўцы.
У жэле RABBIT спецыялісты знайшлі адразу тры фарбавальнікі, якія нельга выкарыстоўваць пры вытворчасці такой прадукцыі: тартразін (E102), Алура чырвоны AC (E129) і Брыльянтавы блакітны FCF (E133).
Фарбавальнікі падвялі і брэнд Freshbox. У жавальным мармеладзе гэтай маркі спецыялісты выявілі эрытразін (E127), а ў карамелі — амарант (E123). Абодва рэчывы не павінны выкарыстоўвацца пры вытворчасці падобных прысмакаў.
Не менш пытанняў у правяраючых узнікла і да вадкіх цукерак, якія асабліва падабаюцца дзецям з-за незвычайнай формы і ўпакоўкі.
Так, у цукерцы «Спрэй ручка» гандлёвай маркі «Канди Клаб» знайшлі кансервант дэгідраацэтат натрыю (E266), які для такой прадукцыі выкарыстоўваць нельга.
А ў прысмаках «Сластылэнд» у форме бутэлечкі і «Спрэй газіроўка» выявілі іншую праблему. У іх складзе пазначаны недапушчальны падсаладжвальнік цыкламат натрыю.
Акрамя таго, на ўпакоўцы гэтых цукерак адсутнічала абавязковае папярэджанне пра тое, што змешчаныя фарбавальнікі могуць негатыўна ўплываць на актыўнасць і ўвагу дзяцей.
Праверку не прайшлі і кіслыя фруктовыя лядзянцы «Рок-Н-Ролл».
Прычынай стаў падсаладжвальнік аспартам (E951), які вытворца пазначыў у складзе. Такую дабаўку таксама нельга выкарыстоўваць пры вытворчасці падобных прысмакаў.