Кулеба: З Зяленскім у мяне было адно разыходжанне — Беларусь
- 3.06.2026, 15:12
Экс-кіраўнік МЗС Украіны лічыць, што доўгі час стратэгіяй Кіева было «сяброўства з Лукашэнкам».
Notice: Undefined offset: 0 in /var/www/application/classes/BL/SiteEngineAmp.class.php on line 155
Экс-кіраўнік Міністэрства замежных спраў Украіны Дмітро Кулеба распавёў пра рознагалоссі з прэзідэнтам краіны Уладзімірам Зяленскім, якія тычыліся адносінаў з Беларуссю.
«За ўвесь час працы ў МЗС Украіны ў мяне было адно сістэмнае разыходжанне ў поглядах з прэзідэнтам — яно называлася Беларусь. Я выступаў за больш жорсткую лінію, бо, на маю думку, усё добрае, што Лукашэнка рабіў для Украіны да 2022 года, не было вынікам нашай палітыкі. «Мы табе не робім дрэннага, а ты нам робіш нешта добрае». Не, гэта былі яго манеўры, у якіх ён кіраваўся сваімі інтарэсамі.
Зяленскі, паводле слоў украінскага дыпламата, выступаў за «збалансаваную палітыку»:
— Таму ў 2020 годзе мы не прызналі Лукашэнку «прэзідэнтам», але не далучыліся да санкцый Еўрапейскага саюза.
Экс-кіраўнік МЗС Украіны намякае, што за такой пазіцыяй Зяленскага стаяў тагачасны кіраўнік яго офіса Андрэй Ермак:
— Кардынальнае змяненне пазіцыі прэзідэнта Украіны па Беларусі супала ў часе з сыходам кіраўніка яго офіса. Гэта можна паглядзець паводле храналогіі. Можаце нават спытаць CharGPT.
Дмітро Кулеба лічыць, што ўвесь гэты час стратэгіяй Украіны ў дачыненні да Беларусі было «сябраваць з Лукашэнкам»:
— У знешняй палітыцы, калі на нейкім напрамку пачынае дамінаваць ідэя: «Нічога не трэба, я цяпер з Колем пагавару, а ён папе скажа»... Усё заканчваецца дрэнна, бо гэта так не працуе.
Экс-кіраўнік украінскай дыпламатыі не ўдакладніў, хто менавіта выступаў з прапановамі «пагаварыць з Мікалаем Лукашэнкам», але ў сакавіку 2022 года сам дыктатар распавядаў, як на яго сына выйшаў украінскі дэпутат Яўген Шаўчэнка. Ён нібыта арганізаваў размову Лукашэнкі і Зяленскага на пачатку вайны.
14 лістапада 2024 года Шаўчэнка быў затрыманы. Дзяржаўнае бюро расследаванняў (ДБР) і Служба бяспекі Украіны (СБУ) інкрымінуюць яму дзяржаўную здраду, калабарацыйную дзейнасць і махлярства.Следства абвінавачвае яго ў сістэматычным распаўсюджанні антызаходняй прапаганды, сувязях з пасольствам Беларусі і дыскрэдытацыі дзяржаўнага кіравання Украіны.