Лукашысты хочуць дазволіць замежнікам служыць у беларускай арміі
- 3.06.2026, 16:22
Мінабароны падрыхтавала змены ў заканадаўства.
Замежнікам плануецца дазволіць служыць у беларускай арміі і ўнутраных войсках па кантракце, вынікае з паведамлення прэс-службы «савета рэспублікі нацыянальнага сходу» (СР НС), піша «Позірк».
2 чэрвеня на пасяджэнні экспертнага савета ў СР НС быў разгледжаны законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях праходжання ваеннай службы», распрацаваны Міністэрствам абароны.
Дакумент прадставіў начальнік Генеральнага штаба — першы намеснік міністра абароны Павал Муравейка. Экспертнае заключэнне даў старшыня пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, былы міністр замежных спраў Сяргей Алейнік.
Сцвярджаецца, што законапраект накіраваны на ўмацаванне нацыянальнай бяспекі і вызначае прававыя падставы для праходжання замежнікамі ваеннай службы па кантракце ў Узброеных Сілах і ўнутраных войсках МУС. Дакумент прадугледжвае карэкціроўку шэрагу законаў і кодэксаў.
Згодна з законам «Аб ваінскім абавязку і ваеннай службе», ваенная служба па кантракце вызначаецца як «служба грамадзян, якую яны з мэтай выканання канстытуцыйнага доўгу па абароне Рэспублікі Беларусь добраахвотна абавязуюцца праходзіць у адпаведнасці з заканадаўствам на ўмовах заключанага кантракта».