BE RU EN

Эліты фіксуюць памылку Пуціна

  • Міхаіл Хадаркоўскі
  • 30.06.2026, 23:43

На сённяшні дзень вайна, так бы мовіць, павярнулася крыху іншым бокам.

Тактычныя перавагі Украіны, апрача лініі фронту, нарэшце прабілі тую скарынку, якую Пуцін ствараў вакол расійскага насельніцтва, унутры якой людзям здавалася, што вайна — гэта дзесьці далёка. Цяпер яны адчулі, што вайна прыйшла ў іх дом. Хоць, вядома, у большай ступені гэта карцінка, чым рэальная рэчаіснасць.

У эканоміцы мы бачым крызісныя з'явы, звязаныя як з украінскімі ўдарамі, так і з пэўным вычарпаннем рэзерваў. Усё гэта таксама вельмі непрыемна, але пакуль яшчэ ў межах цярпальнага. Калі сацыёлагі задаюць пытанне расійскаму грамадству, ці хочуць яны спынення вайны, заканчэння вайны, то каля 80% — у розны час па-рознаму: часам 70%, часам 80% — адказваюць, што так, вядома, мы хацелі б завяршэння гэтай вайны. Але праблема ў тым, што, калі задаюць наступнае пытанне: «А як вы бачыце заканчэнне гэтай вайны?», пераважная большасць адказвае: «На нашых умовах». Што такое «нашыя ўмовы» — рэч не відавочная: найверагодней, гэта тое, што Пуцін так назаве.

Важна, што стаіць за гэтым у людзей. Гэта, вядома, не тэрытарыяльнае набыццё, хоць Крым па-ранейшаму застаецца сакральнай каштоўнасцю. Тут базавае адчуванне, што без наступстваў не абыдзецца. І калі мы пераможам, не важна як, але мы перамаглі — мы за гэта адказваць не будзем. А вось калі мы нібыта прайгралі, то тут мы будзем адказваць — як, зноў жа, незразумела: рэпарацыі, трыбуналы і таму падобнае. Прычым Крэмль увесь час спрабуе аб'яднаць сябе з расійскім грамадствам — то бок адказваць будзе не ён, Крэмль, а ўсё расійскае грамадства, усе людзі. А пераважнай большасці гэтага не хочацца.

Прэтэнзія да Пуціна ў тым, што ён не можа завяршыць вайну перамогай — не важна, якім чынам: шляхам перамоваў, ваенных дзеянняў, прымянення ядзернай зброі. Гэтая вайна настолькі постмадэрнісцкая, што ўпакаваць у яскравую, можа, чорна-аранжавую стужку якую-небудзь падзею і прадставіць яе як перамогу можна практычна што заўгодна. Зусім дакладна: перамогай будзе прызнана тое, што гэтай перамогай прызначыць рэжым, што прызначыць прапаганда. І гэта будзе лічыцца перамогай, прынамсі год-два — не ведаю, праз які час у насельніцтва настане пэўнае ўсведамленне таго, што адбылося.

Людзі ў РФ выдатна разумеюць, што прапанова, якую зрабіў Трамп яшчэ вясной, потым пацвердзіў у Анкарыджы, — гэта была выдатная прапанова. І тое, што Пуцін на яе не пагадзіўся, не пайшоў насустрач, палічыў, што яму трэба дажымаць, — у выніку гэтага атрымалася тое, што на сённяшні дзень вайна, так бы мовіць, павярнулася крыху іншым бокам. Гэта эліты, вядома, фіксуюць як сур'ёзную пуцінскую памылку. Менавіта таму Пуцін, на мой погляд, лічыць неабходным здзяйсняць пэўныя вельмі жорсткія крокі, якія дэманструюць набліжаным, што ніякіх ваганняў у шэрагах быць не павінна.

Міхаіл Хадаркоўскі, Хадаркоўскі LIVE

Апошнія навіны