«Відаць, нулік лішні»
- 4.06.2026, 10:12
Аб'ява аб здачы жылля ў сталіцы прымусіла многіх беларусаў схапіцца за галаву.
Цэны на здымнае жыллё ў Мінску даўно паляцелі кудысьці ў космас. Але высветлілася, што столь яшчэ не прабітая, піша «Точка».
У Threads завірусілася аб'ява аб арэндзе кватэры ў сталіцы. Усё з-за кошту — 15 000 рублёў або крыху больш за $5300 у месяц.
Некаторыя карыстальнікі нават вырашылі, што аўтар паста проста выпадкова націснуў лішні нуль, але не. Мы паглядзелі, што менавіта прапануюць за такія грошы.
Што гэта за кватэра
Ідзе гаворка пра чатырохпакаёвыя апартаменты на вуліцы Старажоўскай.
Агульная плошча жылля складае 207 м². Унутры — тры асобныя спальні, прасторная гасцёўня і панарамны від на Свіслач з 11-га паверха.
Але сапраўдная вішанька на торце — колькасць санвузлоў. У аб'яве пазначана, што ў кожнай спальні ёсць уласны туалет. Плюс яшчэ адзін прадугледжаны для гасцей.
Судзячы па фотаздымках, інтэр'ер выкананы ў сучасным прэміяльным стылі: дарагое аздабленне, дызайнерскія свяцільнікі і мэбля. Увогуле, варыянт відавочна не для тых, хто шукае аднапакаёўку каля метро.
Людзі ў шоку
Аб'ява хутка сабрала дзесяткі каментароў. Некаторыя карыстальнікі прызналіся, што нават не здагадваліся пра існаванне такіх цэн на арэнду ў Мінску.
Іншыя пачалі параўноўваць кватэру з замежнай нерухомасцю. Паводле слоў каментатараў, за такія грошы, а часам і танней, можна зняць раскошную вілу дзесьці ля мора.
Але большасць беларусаў усё ж адрэагавала з гумарам. Вось толькі некалькі забаўных каментарыяў:
«Па секундах здаёце?»
«На 15 хвілін з ЗП вазьму!»
«А студэнтам можна?»
«Прыемна, што я з'яўляюся мэтавай аўдыторыяй гэтага паста. Хоць на секунду адчула сябе багатай»
«За такія грошы агляд кватэры павінен рабіць Спілберг»
«Відаць, нулік лішні»
«Вы на клавіятуру селі?»
«Мусіць, туды можна засяліцца з зубрам»
«Тэрмінова шукаю 10–15 чалавек для сумеснага пражывання».