«У ваенных РФ у Крыме ўзнікне вялікае пытанне»
- 4.06.2026, 10:31
Эксперт раскрыў, да чаго прывядуць украінскія ўдары па лагістыцы ворага.
Калі Украіна хаця б на траціну знішчыць лагістыку расіян для іх крымскай групоўкі, то гэта практычна звядзе да нуля іх магчымасці. Пра гэта ў эфіры Radio NV сказаў вайсковы аналітык Аляксей Гетман, адказваючы на пытанне пра начны ўдар па ваенных аб’ектах ворага ў акупаваным Крыме.
Ён адзначыў, што ў расійскіх акупантаў у Крыме не так многа варыянтаў лагістычнага забеспячэння.
«Калі мы будзем хаця б на траціну, а лепш напалову знішчаць лагістыку расіян, якія падвозяць да крымскага гарнізона ўсё неабходнае для ваенных частак і для расійскай групоўкі «Днепр», што знаходзіцца на поўдні, на левым беразе каля Херсона, то гэта не проста ўскладніць іх магчымасці — гэта практычна звядзе іх да нуля», — падкрэсліў Гетман.
Аналітык растлумачыў, што калі фармуецца план па ўсіх неабходных сродках для падтрымання баяздольнасці падраздзялення, то звычайна заказваецца крыху больш, чым патрэбна.
«Але калі не дастаўляецца палова таго, што патрэбна, то падраздзяленне проста становіцца небаяздольным. Тут нельга лічыць: прывезлі на 20% менш — магчымасці падраздзялення на 20% меншыя, прывезлі на 30% менш — на 30%. Не. Калі не прывозіцца палова таго, што патрэбна, — падраздзяленне проста становіцца небаяздольным», — сказаў Гетман.
Ён лічыць, што калі так будзе працягвацца далей, то «яшчэ некалькі месяцаў — і там узнікне вялікае пытанне: не толькі з палівам, якое там па талонах, але і з ваеннымі падраздзяленнямі ўзнікне вялікае пытанне ў Крыме».