Бэн Ходжэс: Буданаў дабярэцца да Крымскага моста
- 4.06.2026, 11:46
Амерыканскі генерал назваў вызначальны фактар у вайне.
Амерыканскі генерал у адстаўцы Бэн Ходжэс заявіў, што вызваленне Крыму з'яўляецца ключавым для бяспекі ў Чорным моры, кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Кірыл Буданаў рана ці позна зруйнуе Крымскі мост. На ягоную думку, паўвостраў стане вызначальным фактарам у расійска-ўкраінскай вайне.
Пра гэта ён заявіў падчас мерапрыемства ў Цэнтры еўрапейскай палітыкі ў Бруселі, паведамляе карэспандэнтка выдання «Тэлеграф».
Паводле генерала, пакуль Расія кантралюе Крым, яна здольная ўплываць амаль на ўсе працэсы ў Чорным моры, умешвацца ў энергетычныя праекты, зрываць пастаўкі з украінскіх партоў і блакаваць працу Марыупаля і Бярдзянска.
«Пакуль яна «сядзіць» у Крыме, Украіне будзе немагчыма аднавіць і зноў выкарыстоўваць Марыупаль і Бярдзянск, таму што Расія блакуе той вялікі пракляты мост, які, я ўпэўнены, генерал Буданаў рана ці позна зруйнуе», — сказаў Ходжэс.
Ён таксама адзначыў, што Расія імкнецца дамінаваць у Чорным моры і выкарыстоўвае рэгіён як плацдарм для сваіх дзеянняў за яго межамі. Паводле генерала, Масква мае «толькі кепскія намеры» ў адносінах да Чорнаморскага рэгіёну і выступае супраць праектаў, якія дазваляюць краінам абыходзіць расійскі ўплыў.
Ходжэс лічыць, што стварэнне адзінай эканамічнай прасторы паміж Чорным морам, Дунаем, Каўказам і Цэнтральнай Азіяй магло б прынесці карысць мільёнам людзей. У той жа час, паводле яго, для гэтага Украіна павінна перамагчы Расію і прымусіць яе жыць у сваіх межах.
Падчас дыскусіі эксперты таксама адзначылі, што сітуацыя ў Чорным моры можа абвастрацца праз атакі на парты, судны і развіццё расійскіх марскіх беспілотнікаў. На іх думку, будучыня рэгіёну будзе залежаць ад выніку вайны і ўзроўню бяспекі на моры.
Нагадаем, у ноч на 4 чэрвеня акупаваны Крым пацярпеў ад масіраванай атакі беспілотнікаў.