У Беларусі аб'яўлены аранжавы ўзровень небяспекі
- 4.06.2026, 14:35
Беларусаў чакаюць навальніцы, дажджы і моцны вецер.
Белгідрамет абвясціў аранжавы ўзровень небяспекі на 5 чэрвеня з-за навальніц, моцных дажджоў і парывістага ветру.
Паводле прагнозаў сіноптыкаў, удзень у заходніх раёнах краіны чакаюцца навальніцы. Месцамі яны будуць суправаджацца моцнымі злівамі і шквалістым ветрам з парывамі да 15–20 м/с.
Надвор'е ў Беларусі ў чацвер пераважна будзе вызначацца цёплай паветранай масай, аднак на захадзе краіны адчуецца ўплыў атмасфернага фронту. Уначы і раніцай месцамі магчымы слабы туман.
Вецер чакаецца паўднёва-ўсходні, умераны, пры навальніцах — парывісты. У заходніх раёнах днём месцамі прагназуецца ўзмацненне да моцнага парывістага ветру.
Тэмпература паветра ўначы складзе ад +7°C на ўсходзе да +16°C на захадзе. Удзень паветра прагрэецца да +22…+28°C.
Атмасферны ціск на працягу сутак істотна не зменіцца.