Defence Express: Украіна «разнесла» расійскі карабель вартасцю $400 млн дроном коштам $55 тысяч
- 5.06.2026, 8:53
З’явіліся цікавыя падрабязнасці аб паражэнні карвета «Бойкі» ў Кранштаце.
Расійскі карвет праекта 20380 «Бойкі» Балтыйскага флоту атрымаў крытычныя пашкоджанні пасля ўдару ўкраінскага дальнабойнага дрона FP-1. Паводле ацэнак аналітыкаў, гэтая атака фактычна азначае яго знішчэнне, піша Defence Express.
Новыя відэакадры пажару на караблі, паражаным 3 чэрвеня ў сухім даку Кранштацкага марскога завода, паказалі маштаб разбурэнняў адразу пасля атакі – яшчэ да пачатку актыўнага тушэння. Менавіта гэта, як адзначаецца, дазволіла больш дакладна ацаніць першапачатковы стан пашкоджанняў.
На апублікаваных матэрыялах бачна, што вежава-маставая канструкцыя карвета абвалілася ўнутр корпуса. На ёй размяшчаліся ключавыя радыёэлектронныя сістэмы карабля, у прыватнасці:
аглядная РЛС «Фурке-2»;
РЛС цэлеўказання «Монумент-А»;
навігацыйныя радары МР-231-2;
камплекс радыёэлектроннай барацьбы ТК-25.
У выніку абвальвання канструкцыі таксама былі пашкоджаны элементы пускавых установак супрацькарабельных ракет Х-35 комплексу «Уран».
Пажар, паводле назіранняў, ахапіў унутраныя памяшканні за хадовай рубкай – менавіта там размешчаны баявыя пасты кіравання ўзбраеннем і сістэмамі карабля.
Верагоднае пашкоджанне машыннага аддзялення
Асобную ўвагу аналітыкі звяртаюць на тое, што агонь зафіксаваны таксама ў раёне пад мостыкам, дзе размешчаныя жылыя памяшканні экіпажа. Акрамя таго, у корпусе бачны дэфармацыі, якія могуць сведчыць пра ўнутраны выбух.
Пашкоджанні закранулі і раён устаноўкі комплексу «Пакет-НК» – супрацьтарыпедных 324-мм апаратаў, размешчаных побач з машынным аддзяленнем. Гэта, верагодна, азначае, што пажар мог ахапіць галоўную дызельную энергетычную ўстаноўку карабля.
Па сведчаннях відавочцаў, да ліквідацыі пажару было прыцягнута 4–5 гідрантаў, аднак на момант пачатку тушэння агонь ужо актыўна распаўсюджваўся ўнутры корпуса.
Эксперты адзначаюць, што працяглая высокая тэмпература прыводзіць да страты трываласці металу, а наступнае заліццё вадой – да паскоранай карозіі, што робіць аднаўленне карабля надзвычай праблематычным.
Паводле наяўных даных, удар быў нанесены ўкраінскім дальнабойным дроном FP-1 коштам каля 55 тысяч долараў. У той жа час кошт карвета праекта 20380 па стане на 2021 год ацэньваецца ў 350–400 млн долараў.
Дрон пераадолеў больш за 900 км да мэты, пасля чаго, як падкрэсліваюць аналітыкі, карабель фактычна выведзены з ладу з крытычнымі пашкоджаннямі, якія прыраўноўваюцца да поўнага знішчэння баявой адзінкі.