У Беларусі прадаюць былы ваенны штаб
- 5.06.2026, 16:07
Трохпавярховы будынак ацанілі ўсяго ў адну базавую велічыню.
Унікальны аб’ект у Рэчыцы выставілі на продаж усяго за адну базавую, піша «БУТБ-Имущество».
Ідзе пра так званы будынак штаба на вул. Нафтавікаў — былы ваенны аб’ект на тэрыторыі закінутай вайсковай часці.
Трохпавярховы будынак штаба з’яўляецца недабудаваным. Агульная яго плошча складае 1673,7 м².
Зямельны ўчастак, на якім знаходзіцца пабудова, прадастаўляецца без аўкцыёна. Дакладны адрас — вул. Нафтавікаў, 86.
Будучы ўласнік можа размясціць там краму, цэнтр бытавога абслугоўвання, спартыўныя, аздараўленчыя і сацыяльныя аб’екты.
Згодна з умовамі продажу, новы ўласнік павінен пачаць рэканструкцыю не пазней як праз адзін год і завяршыць яе на працягу двух гадоў пасля заключэння дагавора куплі-продажу. Выкарыстоўваць будынак неабходна не менш за год.
Але ёсць важны нюанс — на капітальную пабудову за 45 рублёў няма дакументаў, што пацвярджаюць дзяржаўную рэгістрацыю правоў на гэту маёмасць.