Польскі мільярдэр будуе 55-метровую статую Дзевы Марыі
- 5.06.2026, 16:28
Яна будзе вышэй за Хрыста-Адкупіцеля ў Рыа-дэ-Жанэйра.
У вёсцы Конотопе (Konotopie) паблізу Торуня ў Куяўска-Паморскім ваяводстве Польшчы працягваецца будаўніцтва статуі Дзевы Марыі вышынёй 55,6 м. Пра гэта паведаміла выданне Wirtualny Toruń, якое апублікавала фота з будоўлі.
Сама статуя будзе мець вышыню 40,6 м і будзе ўсталяваная на 15-метровым пастаменце ў форме кароны, у якім плануюць уладкаваць аглядальную пляцоўку.
Урачыстае адкрыццё адбудзецца 15 жніўня, і статуя будзе вышэй за статую Хрыста-Адкупіцеля ў Рыа-дэ-Жанэйра, Бразілія, і за статую Хрыста-Цара ў польскім Свебодзіне.
Ініцыятарамі і галоўнымі інвестарамі будаўніцтва з’яўляюцца польскі мільярдэр Раман Каркосік і ягоная жонка Гражына. Каркосік — заснавальнік адной з найбуйнейшых у краіне кампаній Boryszew і ўваходзіць у лік самых заможных прадпрымальнікаў Польшчы.
Манумент узводзяць побач з вядомым каталіцкім пілігрымніцкім цэнтрам, дзе знаходзіцца шанаваная фігура Маці Божай Балеснай. Гэты цэнтр у 2012 годзе таксама пабудавалі за сродкі сужэнцаў Каркосікаў.
У вёсцы Конотопе жыве ўсяго 120 чалавек, аднак мясцовыя ўлады разлічваюць, што новы аб’ект прыцягне турыстаў і пілігрымаў з усёй Польшчы.