У Беларусі з аптэк знік папулярны антыдэпрэсант
- 5.06.2026, 17:22
Калі пастаўкі адновяцца, пакуль невядома.
У Беларусі ўзніклі новыя перабоі з пастаўкамі псіхіятрычных прэпаратаў — ужо трэція за апошнія паўгода. Пасля знікнення літыю ў снежні 2025 года і бупрэнарфіну ў лютым 2026-га праблемы цяпер назіраюцца з флуаксецiнам — адным з самых вядомых і даступных антыдэпрэсантаў, паведамляе фонд медыцынскай салідарнасці «Белыя халаты».
Паводле дадзеных Tabletka.by, цяпер у продажы даступны толькі адзін варыянт прэпарата — флуаксецін 20 мг № 20 расійскага вытворцы «Азон». Знайсці яго можна толькі ў асобных аптэках Брэсцкай вобласці — у Брэсце, Кобрыне, Бярозе і Жабінцы. Яшчэ нядаўна прэпарат быў даступны ў большасці аптэк краіны.
Флуаксецін належыць да групы селектыўных інгібітараў зваротнага захопу сератаніну і застаецца адным з базавых прэпаратаў у псіхіятрычнай практыцы. Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) ўключае яго ў мадэльны спіс асноўных лекавых сродкаў.
Паводле дадзеных Упраўлення па кантролі за прадуктамі і лекамі ЗША (FDA), прэпарат прымяняецца пры дэпрэсіі, абсесіўна-кампульсіўным засмучэнні, нервовай буліміі і панічным засмучэнні. Акрамя таго, у спалучэнні з аланзапінам яго выкарыстоўваюць для лячэння дэпрэсіўных эпізодаў пры біпалярным засмучэнні I тыпу і рэзістэнтнай дэпрэсіі. Такім чынам, перабоі з пастаўкамі закранаюць адразу некалькі груп пацыентаў.
Нягледзячы на тое, што флуаксецін лічыцца адносна старым прэпаратам, ён па-ранейшаму шырока выкарыстоўваецца. У прыватнасці, ён застаецца адным з нешматлікіх лекаў з даказанай эфектыўнасцю пры нервовай буліміі. Таксама прэпарат мае педыятрычныя паказанні: FDA дазваляе яго прымяненне для лячэння дэпрэсіі ў дзяцей з васьмі гадоў і абсесіўна-кампульсіўнага засмучэння ў дзяцей з сямі гадоў.
Яшчэ адна асаблівасць флуаксеціну — працяглы перыяд вывядзення. Актыўнае рэчыва і яго метабаліт захоўваюцца ў арганізме даўжэй, чым у многіх іншых антыдэпрэсантаў, што зніжае рызыку рэзкага пагаршэння стану пры выпадковым прапуску прыёму.
Не менш важна і тое, што прэпарат застаецца адным з самых танных антыдэпрэсантаў. Паводле Apteka.103.by, упакоўка флуаксеціну 20 мг № 20 расійскай вытворчасці каштавала каля 2,8 рубля. Нават пры больш высокіх дазіроўках месячны курс лячэння абыходзіўся менш чым у 9 рублёў.
Паводле інфармацыі, якую атрымалі «Белыя халаты», першыя паведамленні аб праблемах з купляй прэпарата пачалі з’яўляцца некалькі тыдняў таму. Так, яшчэ 11 мая карыстальнікі Tabletka.by пыталіся, чаму флуаксецін знік з большасці аптэк і застаўся толькі ў Брэсцкай вобласці. У адказах на апошнія звароты, апублікаваныя 1 чэрвеня, адзначалася, што прэпарат не атрымаў дазволу на ўвоз ад Міністэрства аховы здароўя. Калі сітуацыя зменіцца, невядома.
Да 2022 года ў Беларусь пастаўляўся ўкраінскі флуаксецін. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны гэтыя пастаўкі спыніліся, а на рынку застаўся толькі расійскі прэпарат. Некаторыя пацыенты скардзіліся, што ён дзейнічае менш эфектыўна, аднак альтэрнатыў было няшмат. Цяпер знікае і гэты варыянт.
Наступствы дэфіцыту залежаць ад дыягназу і схемы лячэння. Для часткі пацыентаў магчымы пераход на іншыя антыдэпрэсанты, аднак у некаторых выпадках гэта непажадана, бо флуаксецін прызначаўся пасля няўдалых спроб лячэння іншымі прэпаратамі. Асабліва складанай можа быць замена пры біпалярным засмучэнні, калі даводзіцца карэктаваць усю схему тэрапіі. Абмежаваныя магчымасці замены і пры нервовай буліміі.
Асобную небяспеку ўяўляе сітуацыя, калі пацыент самастойна спыняе лячэнне ў чаканні з’яўлення прэпарата ў аптэках. Гэта можа прывесці да пагаршэння стану, а пры дэпрэсіўных засмучэннях — павялічыць рызыку суіцыдальных паводзінаў. Паводле СААЗ, Беларусь застаецца сярод краін з адносна высокім узроўнем смяротнасці ад самазабойстваў — 17,52 на 100 тысяч насельніцтва.
Калі запас прэпарата яшчэ разлічаны хаця б на месяц, магчыма, спяшацца з заменай не спатрэбіцца. Аднак пацыентам, у якіх лекі сканчаюцца або ўжо скончыліся, спецыялісты рэкамендуюць як мага хутчэй звязацца з лячачым лекарам і абмеркаваць магчымыя варыянты тэрапіі. Самастойна змяняць дазіроўку, перарываць лячэнне або спрабаваць карэктаваць схему прыёму без кансультацыі спецыяліста не рэкамендуецца.