Кіраўнік студыі ZROBIM Architects знаходзіцца ў СІЗА
- 5.06.2026, 18:41
У чым яго абвінавачваюць.
У офіс бюро ZROBIM architects сілавікі прыходзілі 9 і 10 красавіка. Каля 50 супрацоўнікаў былі затрыманыя, большасць потым адпусцілі.
Кампанію абвінавацілі ў тым, што з 2021 па 2025 год яна атрымала неўлічанага прыбытку на 6 мільёнаў долараў. Сумарную шкоду бюджэту краіны ацанілі ў больш як 5 мільёнаў рублёў. У сюжэце СТВ заявілі, што «не менш за 60% ад усіх заробкаў» супрацоўнікам бюро выплачвалі «у канвертах».
Сузаснавальнік студыі Андрэй Макоўскі быў затрыманы. Але праз 16 сутак пасля хапуну ў студыі ў сацсетках Андрэя з’явіліся пасты пра новыя праекты — меркавалася, што ён выйшаў на волю.
Аднак учора, 4 чэрвеня, у акаунце Андрэя ў Threads з’явіўся пост: «Прывітанне з СІЗА! Плаціце падаткі цалкам, хлопцы».
Пазней ягоная жонка ў сацсетках патлумачыла: акаунт часова вядзе яна, пакуль муж за кратамі. «У сваіх лістах ён дасылае мне паведамленні для Threads, якія хоча з вамі абмеркаваць».
Макоўскі цяпер пад следствам, але кампанія працягвае працаваць.