У Мінску заўважылі тры незвычайныя самалёты
- 5.06.2026, 20:09
Магчыма, на іх будзе лётаць «Белавія».
На днях у тэлеграм-канале NaVzlet.by з’явілася фота трох Boeing 737–800 у бела-чырвонай ліврэі. Здымак зроблены ў Нацыянальным аэрапорце. Верагодна, гэтыя паветраныя судны папоўняць флот «Белавіі». Аднак афіцыйна авіякампанія гэта пакуль не каментавала. «Зеркало» расказвае, што вядома.
Паводле звестак сайта planespotters.net, дзе авіяаматары збіраюць інфармацыю пра самалёты, тры борты прыбылі ў Мінск 3 чэрвеня. Аднаму ўжо 12,5 года, другому — 12,7 года, трэцяму — 13,1 года. Да таго, як патрапілі ў Нацыянальны аэрапорт Мінск, усе яны знаходзіліся ў ААЭ.
— Ёсць краіны, куды авіякампаніі, якія хочуць прадаць самалёт, адправяюць яго на стаянку, бо там гэта танней, чым у аэрапортах іх гарадоў. Наколькі мне вядома, у Мінск так судны не прывозяць, — разважае эксперт па транспартнай тэматыцы Дзмітрый. — З гэтага можна меркаваць, што «Белавія», калі не набыла або ўзяла ў лізінг гэтыя самалёты, то шчыльна да іх прыглядаецца.
Паводле суразмоўцы, у «біяграфіі» ўсіх гэтых самалётаў ёсць аб’ядноўвальныя моманты. Напрыклад, першай на іх пачала лётаць Malaysia Airlines. Адбылося гэта яшчэ ў 2013 годзе. З 2018-га іх выкарыстоўвала ўкраінская авіякампанія SkyUp Airlines. Цікава, што сюды яны трапілі пасля таго, як зноў пабывалі на заводзе кампаніі Boeing у ЗША. Тут, кажа эксперт, іх «падшаманілі».
Дзмітрый адзначае, што ўзрост 12–13 гадоў для самалёта «не такі ўжо і вялікі».
— Ды і, думаю, выбару ў «Белавіі» асабліва няма. Пасля таго як ЗША знялі санкцыі, авіякампанія можа замовіць у Boeing самалёт, але там чарга на гады наперад, — тлумачыць суразмоўца. — Да таго ж пасля заводскага рамонту ў 2018-м самалёты, што прыбылі ў Мінск, хай і не сталі новымі, але цалкам прымальныя. І паколькі ў авіякампаніі цяпер з’явіўся доступ да запасных частак ад вытворцы, няма, у прынцыпе, пытанняў, каб «падшаманіць» судны, калі спатрэбіцца.
Што яшчэ вядома?
Пра тое, што, магчыма, ужо сёлета флот нацыянальнага авіяперавозчыка могуць папоўніць новыя самалёты, паведамляе і тэлеграм-канал «ОтВинта». Аўтары выдання звярнулі ўвагу, што нядаўна авіяцыйны рэсурс Skyliner Aviation зафіксаваў цікавы ланцужок падзей: два Boeing 737–800 украінскай SkyUp Airlines і адзін SkyUp Europe ў ААЭ змянілі рэгістрацыі на гамбійскія, пасля чаго былі перагнаныя ў Мінск.
— Для Boeing 737–800 такі ўзрост (12–13 гадоў. — Заўв. рэд.) лічыцца цалкам рабочым, — адзначае «ОтВинта». — Падобныя самалёты працягваюць актыўна выкарыстоўвацца авіякампаніямі па ўсім свеце.
Тэлеграм-канал нагадвае, што ў лістападзе 2025 года міністр транспарту і камунікацый Аляксей Ляхновіч казаў пра планы «Белавіі» набыць да летняга сезона тры—пяць самалётаў. Гэта было неабходна, «каб па-максімуму задаволіць попыт насельніцтва на пералёты ў курортныя гарады», — тлумачыў кіраўнік ведамства.
— Афіцыйна прызначэнне [заўважаных у аэрапорце] самалётаў пакуль не раскрываецца, — піша «ОтВинта». — Аднак мы разам з калегамі з «Авиационной антресоли» (тэлеграм-канал. — Заўв. рэд.) мяркуем, што менавіта гэтыя Boeing могуць аказацца тымі самымі бортамі, пра набыццё якіх раней казалі беларускія авіяцыйныя ўлады.
Што асаблівага ў Boeing 737–800?
Мікалай (імя зменена), крыніца «Зеркала», тлумачыць, што Boeing 737–800 — адзін з самых масавых пасажырскіх самалётаў у свеце. На яго думку, калі «Белавія» сапраўды вырашыла іх набыць, — «гэта самае разумнае, што можна зрабіць».
— Дзейнасць кампаніі арыентавана на магістралі блізкай і сярэдняй працягласці. Гэта маршруты прыкладна на чатыры—пяць тысяч кіламетраў. Гэту нішу закрывае Boeing 737–800, — тлумачыць суразмоўца. — Ва многіх кампаніях гэта баявая штатная адзінка.
Паводле яго слоў, такія паветраныя судны могуць пакрыць практычна ўсю геаграфію палётаў нацыянальнага авіяперавозчыка. Таму, працягвае ён, мець у сваім парку больш такіх машын мэтазгодна.
— Гэты самалёт мае добрыя эканамічныя паказчыкі і загрузку (умяшчае да 189 пасажыраў. — Заўв. рэд.), — разважае Мікалай. — Акрамя ўсяго іншага, у кампаніі ёсць досвед працы з такімі самалётамі, матэрыяльна-тэхнічная база для іх.
Наколькі вядома суразмоўцу, калі ў Мінск паступілі Airbus A330–200, «Белавія» таксама не адразу пра іх паведаміла.
— З тых звестак, што я чуў, кіраўніцтва кампаніі пэўны час рабіла выгляд, што гэтых самалётаў няма. Маўляў, яны проста прыляцелі на авіярамонтны завод, які да «Белавіі» не мае ніякага дачынення. А калі шыла ў мяшку ўтаіць не атрымалася, тады прызналі, што гэта іх судны, — жартуе Мікалай. — Магчыма, цяпер будзе такая ж мадэль паводзінаў.