Зяленскі ацаніў адказ Пуціна на яго адкрыты ліст
- 5.06.2026, 22:05
Прэзідэнт Украіны назваў адказ дыктатара РФ слабым.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што рэакцыя расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна на адкрыты ліст чарговы раз пацвердзіла нежаданне Крамля завяршаць вайну.
Такую заяву ён зрабіў у вячэрнім звароце ў пятніцу, 5 чэрвеня.
«На жаль, расійскі бок зноў абірае вайну. Усе пачулі сённяшні адказ», — заявіў Зяленскі.
Ён назваў адказ Пуціна слабым.
«Ён проста не хоча завяршаць вайну. Думаю, што многіх у свеце гэты адказ расчараваў. Не хоча ён нічога змяняць і не хоча прызнаць, што ягоная вайна падабаецца толькі яму і тым, хто цягне з яго грошы — яны сёння ўсе былі вельмі ўсмешлівыя», — сказаў прэзідэнт Украіны.
Паводле яго слоў, гэта азначае, што грошай у Расіі павінна стаць менш, а ціску на Расію — больш.
«Я дзякую ўсім, хто нам дапамагае! Я дзякую ўсім, хто з Украінай, хто хоча сапраўднага міру», — падсумаваў Зяленскі.
Увечары 4 чэрвеня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі апублікаваў адкрыты ліст расійскаму дыктатару Уладзіміру Пуціну. У лісце ён канстатаваў, што Расія нясе сур'ёзныя страты на фронце, а самі расіяне ўсё больш незадаволеныя атакамі ўкраінскіх дронаў, дэфіцытам бензіну, пастаяннымі забаронамі і г. д. Зяленскі таксама адзначыў, што Украіна прапануе скончыць вайну «ў фармаце паміж вамі і намі» і прапанаваў Пуціну сустрэцца і вызначыць для гэтага дакладную дату. Прэзідэнт Украіны адзначыў, што да двухбаковага напрамку могуць далучыцца іншыя адабраныя ўдзельнікі.