BE RU EN

«Два прыстарэлыя саюзнікі зусім ужо парвалі сувязі з рэчаіснасцю»

  • Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі»
  • 6.06.2026, 19:30

Голы дзед яшчэ нічога — значна горш, калі голы дзед яшчэ і неадэкватны.

Два прыстарэлыя саюзнікі зусім ужо парвалі сувязі з рэчаіснасцю. Адзін ва Украіне наступае штодня па ўсіх напрамках. У другога нябачныя лекары просяць, каб вярнуўся, а ён ім давярае толькі посуд памыць.

Я не маю на ўвазе, што дзеды ў гэта насамрэч вераць. Я ўсё ж такі спадзяюся, што яны хлусяць. Каб паверыць у гэтыя словы, трэба ўзнесціся ў такія астральныя эмпірыі, з якіх зямлі ўжо ўвогуле не відаць.

Але трэба вельмі далёка адарвацца ад рэчаіснасці, каб паверыць, што нехта можа паверыць у гэту хлусню. Я, вядома, разумею, што дзеды як могуць, так у Гебельса і вучацца.

Але яны зусім няправільна зразумелі прынцып зваротнасці праўды. Сэнс почварнай хлусні ў тым, каб пераканаць мэтавую аўдыторыю, а не ў тым, каб гэтая аўдыторыя верцела пальцам ля скроні.

Таму не трэба распавядаць, што ў цябе ёсць СПА, а ва Украіны няма, на фоне свайго абгарэлага порта. Асабліва людзям, якія ўласнымі вачыма бачылі, як гэты порт гарыць.

Асабліва на наступны дзень пасля таго, як ён абгарэў. Калі ты так робіш, то нават тыя, каму па пасадзе належыць ва ўсё верыць, моцна здзіўляюцца.

І пра тое, што, напрыклад, бензін у цябе ёсць на ўсіх запраўках, цяпер таксама лепш прамаўчаць. І хваліцца распашонкай за тры капейкі дзіцяці, якое ты абяцаў узяць на поўнае ўтрыманне, таксама лепш не трэба.

Цяпер наогул такі час, калі дзедам маўчаць трэба часцей, а гаварыць радзей. А лепш у прынцыпе ніколі. Ці толькі ў спецыяльна адведзеных месцах са спецыяльна адабранымі людзьмі.

Але дзеды ж так не могуць. Дзеды ж вераць, што ім харызму няма куды дзець. Што ў іх гэтай харызмы хоць адбаўляй. Дай Бог кожнаму. Ім тэлевізар пра гэта тлумачыць кожны дзень. У сябе ў тэлевізары дзеды яшчэ ого-го.

Таму дзеды вераць, што ім трэба проста выйсці да народу, і яны адразу ўсё выправяць. У сэнсе — выправяць народ. Ён, праўда, чамусьці ні разу не выпраўляецца. Пасля кожнага выхаду становіцца толькі горш.

Але дзеды пра гэта не ў курсе. Дзедам іх тэлевізар пра такое не распавядае. Бо тэлевізар так уладкаваны, каб сваіх дзедаў нічым не засмучаць. Яны самі яго такім зрабілі.

А сведкам стабільнасці любога начальніцкага звяна засмучаць сваё начальства тым больш сабе даражэй. Яно ім трэба? І калі два дзеды хочуць верыць у сваю харызму, дык гэта іх асабістая праблема. Начальніцкія сведкі стабільнасці проста побач пастаяць, пакуль усё гэта не скончыцца.

І гэты разрыў з рэчаіснасцю значна горшы для любой стабільнасці, чым украінскія дроны. Таму, калі прэзідэнт Зяленскі піша Пуціну адкрыты ліст, ён жа не Пуціну яго піша.

Ён піша ўсім астатнім, каб разрыў з рэчаіснасцю быў больш прыкметны. Голы дзед яшчэ нічога. Значна горш, калі голы дзед яшчэ і неадэкватны.

Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі»

Апошнія навіны