У Мінску прадаецца незвычайная аднапакаёвая кватэра
- 6.06.2026, 18:08
Заяўляецца, што гэта не проста кватэра.
Прама цяпер у раёне Трактарнага завода прадаецца аднапакаёвая кватэра з сапраўды запамінальным рамонтам. Аўтары аб’явы заяўляюць, што гэта не проста кватэра, а гатовы бізнес з высокай даходнасцю, піша Realt.by.
Аднапакаёвая кватэра размешчана на першым паверсе чатырохпавярховага цаглянага дома на вуліцы Будзёнага, 19.
Будынак, у якім знаходзіцца жыллё, — класічная «сталінка» 1955 года пабудовы: з вялікімі вокнамі, тоўстымі сценамі і высокімі трохметровымі столямі.
Агульная плошча кватэры складае 40 квадратных метраў. Судзячы па ўсім, у жыллі была зроблена перапланіроўка. Тут прыбралі калідор, павялічылі санвузел і аб’ядналі кухню з жылым пакоем.
Унутры кватэры — «не тыпавы рамонт, а інтэр’ер, які немагчыма забыць». На фотаздымках можна заўважыць незвычайную налівную падлогу, чырвоную кветку, фрэску з імітацыяй дрэва, статую жанчыны-ангела і многае іншае.
На кухні новых уладальнікаў чакае дарагая італьянская кухонная мэбля, а ў пакоі — эфектны круглы ложак.
У аб’яве адзначаецца, што кватэра паспяхова здаецца па-сутачна, а сярэдняя запаўняльнасць складае 24 дні ў месяц. Па падліках рыэлтараў, калі працягваць здаваць жыллё, то аднапакаёвая кватэра акупіцца ўжо праз 6 гадоў і 8 месяцаў.
Побач з домам знаходзіцца станцыя метро «Трактарны завод», а таксама новы стадыён, буйныя гандлёвыя цэнтры, школы і дзіцячыя садкі.
Кватэру прадаюць за 272 тысячы рублёў, або 96 тысяч долараў (6806 рублёў, або 2407 долараў за квадратны метр).