BE RU EN

Адзін з мабільных аператараў папярэдзіў беларусаў, што яны застануцца без многіх паслуг

  • 6.06.2026, 21:39

У чым прычына?

Мабільны аператар Life папярэдзіў кліентаў, што яны не змогуць скарыстацца некаторымі паслугамі ў ноч з суботы на нядзелю — 7 чэрвеня. Прычына — планаванае абнаўленне ўнутраных сістэм, якія забяспечваюць працу плацяжоў, тарыфаў, падключэнне паслуг.

Тэхнічныя работы будуць праводзіцца 7 чэрвеня з 00:00 да 08:00. «Падчас работ абаненты змогуць здзяйсняць званкі, дасылаць SMS на беларускія нумары і карыстацца мабільным інтэрнэтам у межах краіны ў звычайным рэжыме, — паведамляе кампанія. — Званкі і зыходныя SMS у роўмінгу, а таксама міжнародныя званкі будуць часова недаступныя. Інтэрнэт у роўмінгу падчас абнаўлення сістэм можа працаваць у абмежаваным рэжыме».

Аператар раіць тым, хто знаходзіцца за мяжой, загадзя захаваць важную інфармацыю — адрасы, білеты, браніраванні, а таксама спампаваць афлайн-карты.

«USSD-каманды будуць недаступныя, уключаючы праверку балансу і кіраванне паслугамі, — удакладняюць у кампаніі. — Тарыфныя планы і паслугі часова не будуць падаўжацца. Пасля завяршэння работ усё абновіцца аўтаматычна. Рэкамендуем загадзя папоўніць баланс, калі ў вас запланавана спісанне ў гэты перыяд. Таксама часова не атрымаецца актываваць і адключыць паслугі. Магчымыя складанасці з доступам да кантэнту на знешніх рэсурсах, падпіска на якія аформлена ў Life (напрыклад, «Яндекс Плюс», Okko, TV+ і г.д.)».

Таксама будзе прыпыненая актывацыя SIM праз дадатак «Life Рэгістрацыя». Сайт life.by, мабільны дадатак Life і інтэрнэт-крама таксама будуць часова недаступныя.

«Аплата сэрвісаў, уключаючы паркоўкі і мабільныя плацяжы iPay, будзе абмежавана.

Плацяжы банкаўскай карткай Life праз Apple Pay, Samsung Pay, Swoo Pay і іншыя сэрвісы будуць працаваць без абмежаванняў», — паведамляе аператар.

Апошнія навіны