BE RU EN

Грамадзянку Украіны ўжо амаль год трымаюць на Акрэсціна без абвінавачванняў

  • 7.06.2026, 13:14

Лукашысты аказваюць на яе псіхалагічны ціск.

62-гадовую грамадзянку Украіны Наталлю Баташаву амаль год утрымліваюць у сталічным ІЧУ на Акрэсціна без прад’яўлення крымінальных абвінавачванняў. Паводле слоў яе былой сукамерніцы, у ўкраінкі сур’ёзныя праблемы са здароўем, а ў няволі на яе аказваюць псіхалагічны ціск, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Наталля Баташава родам з украінскага горада Міргарада. Да затрымання працавала бухгалтаркай у школе. Улетку 2025 года жанчына разам з мужам прыехала ў Беларусь па справах. Паводле слоў былой сукамерніцы жанчыны, муж Баташавай — беларус, былы вайсковец, які шмат гадоў жыў ва Украіне і там праходзіў службу.

Іх затрымалі 23 чэрвеня 2025 года ў Віцебску проста на вуліцы і адразу адвезлі ў Мінск. Наталлю змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна, а месцазнаходжанне яе мужа (яго, мяркуюць, завуць Віктар) дагэтуль невядома.

Жанчыне не тлумачаць прычыну яе знаходжання за кратамі, не прад’яўляюць абвінавачання, забараняюць сустрэчу з адвакатам і нават не дазваляюць звязацца з роднымі. Як адзначае былая сукамерніца, на Наталлю аказваюць псіхалагічны ціск, таму жанчына знаходзіцца ў цяжкім псіхалагічным стане. Таксама вядома, што Наталлю змяшчалі ў карцэр.

За час зняволення здароўе Наталлі значна пагоршылася, але неабходную і якасную медыцынскую дапамогу ёй не аказваюць — толькі перыядычна выдаюць наяўныя таблеткі. У траўні гэтага года яна перанесла як мінімум тры цяжкія прыступы тахікардыі, а па раніцах у Наталлі здараліся прыступы сур’ёзнага сардэчнага кашлю. Акрамя таго, за час зняволення ў ўкраінкі ўзнікала моцнае запаленне падсківічных лімфатычных вузлоў.

Акрамя гэтага, сілавікі забралі ў жанчыны 1200 долараў у кошт аплаты ўтрымання ў ІЧУ. Пры гэтым ёй паабяцалі, што яе дэпартуюць ва Украіну.

— Наталля спрабавала перадаць вестачку, каб патэлефанавалі блізкім у Міргарад і паведамілі, дзе яе трымаюць, бо яе лічылі зніклай. Але пасля гэтага да яе прыйшлі кагэбэшнікі, распытвалі, каму і навошта яна перадавала вестачку, і палохалі яе, — успамінае жанчына, якая сядзела з украінкай.

З-за таго, што ў Наталлі няма родзічаў у Беларусі, перадачы ёй ніхто не прыносіць — за ўвесь год яна атрымала іх прыблізна толькі два разы. Таму сродкі гігіены і зменнае адзенне ў яе з’яўляюцца толькі дзякуючы дапамозе сукамерніц.

Камера, у якой знаходзіцца жанчына, памерам прыблізна шэсць на чатыры метры і разлічана на пяць чалавек. Але часам там знаходзіліся і 12 жанчын, таму спаць даводзілася на падлозе. Разам з Наталляй утрымлівалі і іншых замежніц, у тым ліку іранскую студэнтку Хатэры Хададады, якую пазней дэпартавалі ў Арменію. Паводле слоў былой сукамерніцы, у душ два разы на тыдзень вадзілі толькі замежніц.

Праваабаронцы адзначаюць, што працяглае ўтрыманне чалавека ў ІЧУ без прад’яўлення абвінавачання і без доступу да адваката супярэчыць як беларускаму заканадаўству, так і міжнародным стандартам абыходжання з затрыманымі.

Апошнія навіны