У Севастопалі запусцілі продаж бензіна па QR-кодах з лімітам 20 літраў на тыдзень, але яны скончыліся за дзве гадзіны
- 7.06.2026, 13:31
Паліўны крызіс у Крыме набірае абароты.
Прызначаны Масквой «губернатар» Севастопаля Міхаіл Разважаеў увечары (а 23:37 па Мінску) 6 чэрвеня абвясціў пра ўвядзенне ў горадзе новай сістэмы продажу паліва праз персанальныя QR-коды ў месенджары «Макс». Як вынікае з яго паведамлення ў тэлеграм-канале, кожны жыхар можа атрымаць код, які дае права на разовую запраўку да 20 літраў паліва для канкрэтнага аўтамабіля, пры гэтым наступны код для той жа машыны можна будзе аформіць толькі праз сем календарных дзён. QR-код дзейнічае толькі ў сетцы АЗС «ТЭС». «Атрыманы QR-код неабходна выкарыстаць у перыяд з 09:00 да 21:00 бягучага дня. У іншы час АЗС «ТЭС» працаваць не будуць», — падкрэсліў «губернатар». Уладальнікі раней набытых талонаў, паводле слоў Разважаева, з 7 чэрвеня выкарыстоўваць іх не змогуць: па іх будуць запраўляцца выключна службы і арганізацыі, што забяспечваюць жыццядзейнасць горада.
Аднак ужо ўначы на 7 чэрвеня, а 01:47 (па Мінску), Разважаеў паведаміў, што QR-коды на гэты дзень скончыліся. «Паважаныя севастопальцы! На 7 чэрвеня QR-коды скончыліся. Новая партыя будзе даступная заўтра пасля 22:00», — напісаў ён, удакладніўшы, што колькасць кодаў адпавядае сутачнаму аб’ёму паліва, даступнага ў свабодным продажы. Ён таксама дадаў, што атрыманы QR-код можна выкарыстоўваць да яго гашэння на запраўцы, у тым ліку 8 і 9 чэрвеня, а запраўка ў каністры дапускаецца толькі пры прад’яўленні арыгінала пасведчання аб рэгістрацыі транспартнага сродку.
У пятніцу, 5 чэрвеня, прызначаны Масквой «кіраўнік» Крыма Сяргей Аксёнаў абвясціў пра запуск гарачай лініі для турыстаў, якія не могуць пакінуць паўвостраў, прызнаўшы, што «ў поўным аб’ёме задаволіць патрэбу ў паліве не ўяўляецца магчымым». Днём раней, 4 чэрвеня, ён заяўляў пра поўнае спыненне продажу бензіна за наяўныя і папярэдзіў, што «талонаў у свабодным продажы няма і ў бліжэйшы час не будзе». Пры гэтым Аксёнаў казаў пра прыярытэтнае забеспячэнне палівам камунальных службаў і сілавых структур, аднак неўзабаве паведаміў, што з-за дэфіцыту на маршруты не выйшлі 400 адзінак пасажырскага транспарту.
Прычынай крызісу сталі ўдары Узброеных сіл Украіны па нафтаперапрацоўчай інфраструктуры і лагістыцы. Украінскія беспілотнікі фактычна ўзялі пад кантроль федэральную трасу Р-280 «Наварасія» — сухапутны маршрут забеспячэння з Растова-на-Доне ў Крым. Паводле дадзеных Bloomberg, за студзень–май 2026 года расійскія НПЗ падвяргаліся атакам 38 разоў, прычым 16 заводаў былі паражаныя ў маі — гэта максімальны паказчык за ўвесь час вайны. У выніку загрузка НПЗ знізілася на 14% з пачатку года і застаецца прыблізна на 20% ніжэй за даваенны ўзровень, вынікае з даных OilX.
Як паведамляе Reuters, да сярэдзіны мая спыніліся заводы сумарнай магутнасцю 238 тыс. тон у суткі — каля чвэрці ўсёй расійскай перапрацоўкі, пры гэтым прадпрыемствы ў Кірышах, Маскве, Ніжнім Ноўгарадзе, Разані і Яраслаўлі, што забяспечвалі больш за 30% вытворчасці аўтабензіну, практычна спынілі працу.
Крызіс закрануў і іншыя сферы. У прыватнасці, ён адбіўся на турыстычнай галіне: сотні адпачывальнікаў, што прыбылі на паўвостраў на аўтамабілях, фактычна аказаліся заблакаваныя з-за недахопу паліва. Старшыня праўлення Крымскататарскага рэсурснага цэнтра Эскендэр Барыеў адзначаў рост цэн на прадукты харчавання і паслугі. На гэтым фоне ў крамах Крыма і Севастопаля пачалі з’яўляцца пустыя прылаўкі, а ўладальнікі гандлёвых кропак — уводзіць абмежаванні на продаж прадуктаў харчавання.