BE RU EN

Пашынян перайграў Пуціна

  • Віктар Ягун
  • 7.06.2026, 21:27

Нестандартны крок.

У сацсетках актыўна абмяркоўваюць парламенцкія выбары ў Арменіі: перадвыбарчая кампанія фактычна ператварылася ў працэс выхаду краіны з расійскай арбіты і праходзіць пад беспрэцэдэнтным палітычна-эканамічным ціскам РФ — пагрозамі Крамля і ўзгадкамі пра «ўкраінскі сцэнар».

Аднак спроба Масквы паўплываць на парламенцкія выбары ў Арменіі нечакана абярнулася панікай сярод часткі прарасійска настроеных выбаршчыкаў, якія планавалі прыбыць у краіну з Расійскай Федэрацыі.

У фінале перадвыбарчай гонкі прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян зрабіў нестандартны крок, ператварыўшы патэнцыйную расійскую гібрыдную кампанію амаль у камічны сюжэт.

Што ж адбылося? Паводле паведамленняў шэрагу СМІ, план Крамля заключаўся ў тым, каб выкарыстаць для галасавання грамадзянаў Арменіі, якія пастаянна пражываюць у Расіі. Паколькі армянскае заканадаўства не прадугледжвае галасавання за мяжой, іх павінны былі дастаўляць у Арменію авіярэйсамі непасрэдна перад выбарамі.

Аднак у аэрапорце «Звартноц» прыбылых чакаў сюрпрыз. Мужчынам прызыўнога ўзросту і рэзервістам пачалі ўручаць павесткі на 25-дзённыя вайсковыя зборы. Для многіх гэта стала непрыемным сюрпрызам, бо замест кароткай палітычнай паездкі яны рызыкавалі правесці амаль месяц у вайсковых часцях або навучальных цэнтрах.

Відаць, у Ерэване вырашылі, што калі грамадзянін раптам успомніў пра сваю Радзіму напярэдадні выбараў, дык і Радзіма мае поўнае права нагадаць яму пра канстытуцыйныя абавязкі.

Паводле армянскіх крыніц, перспектыва прайсці вайсковыя зборы заўважна астудзіла энтузіязм часткі патэнцыйных удзельнікаў такога «электаральнага дэсанта». У сацсетках нават з’явіліся паведамленні пра адмену асобных паездак.

Тым часам Масква, традыцыйна, перайшла да дыпламатычнага і эканамічнага ціску. Гучалі пагрозы перагляду гандлёвых умоў, з’явіліся прэтэнзіі да якасці асобных армянскіх тавараў, а расійскія чыноўнікі ўсё больш жорстка каментавалі дзеянні ўрада Пашыняна.

Сам Пашынян на гэтыя выпады рэагуе даволі спакойна. Акрамя таго, Еўрапейскі саюз абвясціў пра дадатковую фінансавую падтрымку Арменіі і пашырэнне магчымасцяў для выхаду армянскай прадукцыі на еўрапейскія рынкі.

У выніку сітуацыя набыла даволі сімвалічны характар.

Пакуль Крэмль спрабуе змагацца за захаванне свайго ўплыву на Паўднёвым Каўказе, армянскія ўлады адказваюць не гучнымі заявамі, а прымяненнем уласнага заканадаўства.

Чым завершыцца гэтая гісторыя, стане зразумела пасля абвяшчэння вынікаў выбараў. Але ўжо цяпер можна сказаць, што адна з самых незвычайных перадвыбарчых кампаній апошніх гадоў увайдзе ў палітычны фальклор рэгіёна.

Віктар Ягун, unian.net

Апошнія навіны