BE RU EN

Зяленскі: Я сказаў Абрамовічу, што мы не сыдзем з Данбасу

  • 7.06.2026, 21:55

Прэзідэнт Украіны пацвердзіў сустрэчу з расійскім алігархам.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пацвердзіў інфармацыю пра тое, што ў маі ён сустракаўся з расійскім алігархам Раманам Абрамовічам. Некаторымі дэталямі гэтай сустрэчы ўкраінскі лідар падзяліўся ў інтэрв’ю Sky News.

«Ён прыехаў у Кіеў. Ён сказаў, што я [прынёс] пасланне непасрэдна вам, і я хачу прыняць паведамленні ад вас і перадаць іх Путіну», — распавёў прэзідэнт Украіны.

Паводле слоў Зяленскага, Абрамовіч прасіў, каб гэта сустрэча засталася ў таямніцы, бо не хацеў агалоскі.

Як патлумачыў украінскі прэзідэнт, расійцы хацелі зразумець, «што мы гатовыя зрабіць», калі справа дайдзе да мірных перамоў. У прыватнасці, у пытаннях Данбасу.

«Гэта было ключавое пасланне. Я сказаў, што мы не сыдзем [з Данбасу]. Мы не дадзім вам перамогі такім чынам», — сказаў Зяленскі.

Адзначым, раней выданне Financial Times паведамляла, што Абрамовіч сустрэўся з Зяленскім. Паводле слоў суразмоўцаў выдання, Зяленскі папрасіў Абрамовіча перадаць Путіну пра яго гатоўнасць сустрэцца — упершыню пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну.

Як адзначылі крыніцы FT, такім чынам Украіна хацела прадэманстраваць сваю сур’ёзнасць адносна правядзення прамых мірных перамоў з Расіяй — нават нягледзячы на тое, што ЗША, якія раней былі пасярэднікам, цяпер пераключыліся на сітуацыю на Блізкім Усходзе.

Кіеў спадзяваўся, што шэраг паспяховых удараў па тэрыторыі РФ, у прыватнасці па яе нафтаперапрацоўчых прадпрыемствах, і спыненне расійскага наступу, якога дасягнулі Узброеныя сілы Украіны, ўзмацніць «стымул да неадкладнага спынення агню».

Апошнія навіны