BE RU EN

Выдатныя навіны з Вашынгтона

  • Астап Ярыш
  • 8.06.2026, 10:32

Наперадзе — працяглы працэс у Сенаце.

Нягледзячы на жорсткія дэбаты, Палата прадстаўнікоў канчаткова ўхваліла законапраект аб падтрымцы Украіны Ukraine Support Act. За — 226, супраць — 195. Пакуль што гэта — самая важная ўкраінская ініцыятыва, якую заканадаўцы прынялі з часу абрання Трампа.

Калі коратка, то Ukraine Support Act прадугледжвае дадатковую ваенную дапамогу для Кіева і аднаўленне праграмы ленд-лізу, увядзенне істотных санкцый супраць Расіі, дыпламатычную падтрымку ў вяртанні выкрадзеных дзяцей, дапамогу з аднаўленнем і іншыя важныя палажэнні.

Каб вынесці гэты дакумент на разгляд, давялося абысці спікера і сабраць дастаткова подпісаў кангрэсменаў для працэдуры прымусовага галасавання. Пасля доўгіх месяцаў гэта ўсё ж удалося зрабіць. Здавалася, што цяпер праблем з галасамі ў Палате прадстаўнікоў не будзе. Але шлях да канчатковага ўхвалення аказаўся складанейшым, чым многія спадзяваліся.

Перад фінальным разглядам дакумент павінен быў прайсці некалькі працэдурных галасаванняў. Калі б на любым з этапаў не хапіла галасоў, гэта азначала б канец гісторыі. І насамрэч рызыка гэтага была даволі сур'ёзная.

Паводле маёй інфармацыі, напярэдадні разгляду Белы дом накіраваў рэспубліканцам у Кангрэсе ліст, папярэджваючы іх ад падтрымкі ініцыятывы. Маўляў, законапраект умешваецца ў дыпламатычныя намаганні адміністрацыі ў дачыненні да Украіны і Расіі, а таксама павялічвае бюджэтныя выдаткі на падтрымку Кіева, што не адпавядае дзеючым прыярытэтам Белага дома.

У дзень галасавання спікер Палаты прадстаўнікоў Майк Джонсан на закрытай сустрэчы фракцыі таксама пераконваў аднапартыйцаў галасаваць супраць. Сярод аргументаў — любыя дзеянні, у прыватнасці санкцыі супраць Расіі, павінны быць скаардынаваныя з Белым домам, і гэты працэс лепш даверыць Сенату, дзе чакае разгляду іншы законапраект.

Да кампаніі супраць Ukraine Support Act далучыўся ўплывовы сярод рэспубліканцаў аналітычны цэнтр The Heritage Foundation. Там назвалі законапраект «палітычным тэатрам» і выступілі з жорсткай крытыкай на адрас заканадаўцаў, якія яго падтрымалі.

Спробы паўплываць на галасаванне адбываліся таксама праз больш мяккую рыторыку — прыцэльна, у прыватных размовах з асобнымі кангрэсменамі. Іх пераконвалі, што, нягледзячы на тое, што Украіну трэба падтрымаць, Ukraine Support Act — дрэнна напісаны законапраект, які патрабуе абнаўлення, таму ў такім выглядзе за яго нельга галасаваць.

Урэшце нават сярод сяброў Украіны ў Рэспубліканскай партыі было дастаткова тых, хто на працэдурным этапе прынцыпова не хацеў галасаваць у абыход уласнага спікера. На іх думку, гэта — парушэнне ўсталяваных традыцый Кангрэса, і любая ініцыятыва, нават самая лепшая, павінна спачатку атрымаць ухвалу ў камітэтах.

Да таго ж, у апошні момант з'явілася нечаканая рызыка, што некалькі дэмакратаў таксама могуць прагаласаваць супраць — праз нязгоду з асобнымі палажэннямі дакумента. І ў сітуацыі, калі вынік галасавання можа вырашыць літаральна адзін голас, гэта стварала дадатковы выклік.

Апошнія некалькі тыдняў украінская супольнасць, дыпламаты, неабыякавыя кангрэсмены і адвакацыйныя арганізацыі ў ЗША інтэнсіўна працавалі над тым, каб Ukraine Support Act ухвалілі. Сотні званкоў і лістоў кангрэсменам ад іх выбарцаў, асабістыя сустрэчы з офісамі заканадаўцаў, прыватныя размовы, прыцягненне інфлюэнсераў, публікацыі ў прэсе і публічная кампанія ўплыву.

І ўрэшце, нягледзячы на сур'ёзную апазіцыю, законапраект удалося прасунуць на кожным з этапаў галасавання. З двухпартыйнай падтрымкай дэмакратаў і рэспубліканцаў. Як сказаў адзін з кангрэсменаў, каго ўдалося пераканаць — Джо Уілсан, — «калі давядзецца выбіраць паміж Украінай і Пуціным, я выбіраю Украіну».

Далей праца будзе яшчэ складаней. Наперадзе — працяглы працэс у Сенаце. І, нарэшце, подпіс прэзідэнта.

Калі Сенат таксама прыме законапраект, Дональд Трамп без ваганняў можа накласці на яго вета. Да такога развіцця падзей трэба быць гатовым.

Але па адным выкліку за раз. Як кажуць па-англійску, дайдзём да моста — тады і будзем яго пераходзіць. Сёння ж можна ўздыхнуць з палёгкай.

Астап Ярыш, «Фэйсбук»

Апошнія навіны