У Гомельскай вобласці рыхтуюцца да рамонту моста непасрэдна на мяжы з Украінай
- 8.06.2026, 11:36
Траса вядзе на Жытомір.
У Гомельскай вобласці прыступаюць да работ на чарговым маставым збудаванні ў прыграніччы. На гэты раз возьмуцца за мост, які знаходзіцца непасрэдна на лініі мяжы з Украінай у Ельскім раёне па шляху да цяпер закрытага пункта пропуску — праз раку Славечна на км 200,384 аўтадарогі Р-31 Бабруйск — Мазыр — мяжа Украіны (Навая Рудня). Далей траса вядзе на Жытомір.
Адпаведны тэндар «Гомельаблаўтадара» заўважыў «Флагшток». Пакуль гаворка ідзе толькі пра абследаванне 100-метровага жалезабетоннага моста для папярэдняй ацэнкі тэхнічнага стану канструкцый і збудавання.
Выканаўца павінен выявіць дэфекты і пашкоджанні, вызначыць трываласць бетону, разлічыць грузападымальнасць пралётаў, спрагназаваць даўгавечнасць збудавання, скласці тэхнічны даклад з высновамі і рэкамендацыямі адносна рэжыму эксплуатацыі моста.
Абследаванне павінна быць выканана да канца чэрвеня 2026 года. Пасля гэтага, магчыма, будзе прынята рашэнне адносна далейшых работ. Гэта можа быць рамонт, рэканструкцыя, будаўніцтва новага моста.