BE RU EN

БРСМ давёў да банкруцтва найстарэйшую турфірму Беларусі

  • 8.06.2026, 15:30

«Беларускі спадарожнік» будзе ліквідаваны па рашэнні суда.

Гаспадарчы суд Мінска прызнаў «Беларускі спадарожнік» банкрутам, паставіўшы яму «смяротны дыягназ» — «ліквідаваць», піша «Беларусы і рынак».

План ліквідацыі актыву, за які ў пачатку 1990-х грымелі сур'ёзныя войны паміж Мінскам і Масквой, крэдыторы павінны ўзгадніць да лютага 2027 года.

Заяву ў суд на таварыства, якое належыць Беларускаму рэспубліканскаму саюзу моладзі, падала ў лютым 2026 года падатковая. Згодна з судовымі дакументамі, пры запазычанасці перад бюджэтам у 8,1 тыс. рублёў, у «Беларускага спадарожніка» няма актываў, кампанія дзейнасці не ажыццяўляе і з лета 2023 года ў яе ўвогуле няма кіраўніка.

Пазней прызначаны судом антыкрызісны кіраўнік высветліў, што запазычанасць перад усімі крэдыторамі «Беларускага спадарожніка» насамрэч каля 75 тыс. рублёў. А таксама, што ў яго ёсць актыў. Гэта, праўда, доля ў кампаніі «Бюро», якая ацэньваецца ўсяго ў 72 рублі.

«Беларускі спадарожнік» — гэта пераемнік Бюро міжнароднага моладзевага турызму «Спутник», якое было створана ў 1958 годзе. У СССР яно было манапалістам у арганізацыі моладзевага турызму ўнутры краіны і за мяжой.

Пасля распаду Савецкага Саюза Мінску ўдалося адстаяць рэспубліканскае падраздзяленне перад прэтэнзіямі Масквы. Дыктатар Лукашэнка, які прыйшоў да ўлады, перадаў найстарэйшае турыстычнае прадпрыемства Беларусі пад кіраванне БРСМ. Пры ім «Беларускі спадарожнік» і завяршае сваю гісторыю.

Апошнія навіны