BE RU EN

Алесь Бяляцкі сустрэўся з міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім

  • 8.06.2026, 18:58

Сустрэча прайшла ў Варшаве.

8 чэрвеня беларускі праваабаронца, былы палітзняволены і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі сустрэўся ў Варшаве з міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім.

Як паведамляе прэс-служба польскага Міністэрства замежных спраў, на сустрэчы абмяркоўвалася дзейнасць праваабарончага цэнтра «Вясна», заснавальнікам якога з’яўляецца Бяляцкі.

Сікорскі вітаў нядаўнюю рэгістрацыю ў Польшчы Фонду Алеся Бяляцкага, які будзе займацца абаронай і прасоўваннем правоў чалавека. Таксама ён падзякаваў праваабаронцу за ўдзел у Форуме Касцюшкі, які адбыўся тыдзень таму ў Гданьску ў супрацоўніцтве з Міністэрствам замежных спраў Польшчы і Еўрапейскім цэнтрам салідарнасці.

«Мы ў Польшчы ўражаныя вашай незгінальнай пазіцыяй і сціпласцю, а перадусім глыбока ўдзячныя за паслядоўнасць у барацьбе за правы чалавека. Мы з прызнаннем адзначаем вашу незалежнасць і засяроджанасць на абароне грамадзянскіх свабод», — адзначыў падчас размовы Сікорскі.

Алесь Бяляцкі быў вызвалены з калоніі ў Беларусі пасля больш як чатырох гадоў зняволення ў снежні 2025 года. Пасля вызвалення яго прымусова выслалі ў Літву. Нобелеўская прэмія міру была прысуджаная яму ў 2022 годзе.

Апошнія навіны