Мінздароўя знайшло крыніцу інфекцыі ў дзяцей у Барысаве
- 9.06.2026, 9:20
І ў іншых населеных пунктах Мінскай вобласці.
Санітарна-эпідэміялагічная служба Мінздароўя вывела з абароту прадукцыю ТАА «Біямолпрам» — менавіта яна, як заявілі ў міністэрстве, стала крыніцай інфекцыі ў дзяцей у Барысаве і іншых населеных пунктах Мінскай вобласці.
«Санітарна-эпідэміялагічная служба Міністэрства аховы здароўя завяршае правядзенне санітарна-эпідэміялагічнага расследавання прычын шпіталізацыі дзяцей у Мінскай вобласці. Для прадухілення распаўсюджвання і ліквідацыі эпідэміялагічнай неспрыяльнай сітуацыі, звязанай з прадукцыяй ТАА «Біямолпрам», указаныя прадукты выведзены з абароту», — заявіла намесніца міністра аховы здароўя — галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Святлана Нечай.
Нагадаем, 2 і 3 чэрвеня з сімптомамі вострай кішэчнай інфекцыі у бальніцы Барысава звярнуліся 30 дзяцей з 11 дзіцячых садкоў горада. Былі шпіталізаваныя 27 дзяцей з папярэднім дыягназам «востры гастраэнтэрыт» (стан сярэдняй цяжкасці). Трое дзяцей лячыліся на даму. Да 5 чэрвеня ўсе дзеці былі выпісаныя з установы аховы здароўя.
Следчы камітэт узбудзіў крымінальную справу па факце атручвання непаўналетніх у Барысаве. Міліцыя Мінскай вобласці заявіла пра правядзенне праверкі па факце паведамленняў аб атручэнні дзяцей у рэгіёне — там устаноўлена 13 пацярпелых.