Тромб у расійскай артэрыі
- Дзяніс Паповіч
- 9.06.2026, 10:07
Як ЗСУ ўладкоўваюць «лагістычны лакдаўн» ворагу.
Што такое лагістыка?
Прадстаўце сабе цэнтральную артэрыю вялікай жывой істоты, па якой цячэ кроў.
Артэрыя мае адгалінаванні, па якіх кроў дастаўляецца да канечнасцяў і ўнутраных органаў гэтай істоты. Варожую армію мы параўноўваем менавіта з такім жывым арганізмам.
Нашы дроны, якія бяруць пад агнявы кантроль участкі такой артэрыі, то-бок участкі так званай трасы «Наварасія» на поўдні, ставяць тромб. Тромб блакуе крывацёк. Калі такое адбываецца, частка арганізма пачынае адміраць.
Немагчыма перакрыць забеспячэнне на 100% — пэўная частка грузаў усё роўна будзе прарывацца. Напрыклад, у выпадку з 6-й арміяй Паулюса, якая была акружаная пад Сталінградам, адзінкавыя самалёты прыляталі ў «кацёл» аж да канца студзеня 1943 года (Паулюс капітуляваў у першыя дні лютага 1943 года). Гэта значыць, лагістыка фактычна існавала да апошніх дзён нават ва ўмовах безнадзейнага фізічнага акружэння.
Але ў нашым выпадку такая задача і не стаіць. Галоўнае — зрабіць так, каб гэтых паставак у інтарэсах расійскай арміі крытычна не хапала. Гэта неабходна, каб прымусіць расіян спыніць наступ, перайсці да абароны і стварыць перадумовы для перахопу ініцыятывы Сіламі абароны Украіны на асобных ўчастках фронту.
Адміранне арганізма з-за тромба ў лагістыцы, які ставяць нашы дроны, будзе паступовым.
Калі не будзе хапаць паліва — яно будзе размеркоўвацца тым падраздзяленням, якія будуць мець у ім патрэбу ў першую чаргу. Гэта дэльта будзе звужацца аж да апошняга генератара на апошняй пазіцыі апошняга расійскага дроншчыка.
Калі не будзе хапаць боепрыпасаў, будзе змяншацца колькасць боепрыпасаў на кожную гармату, а затым зменшыцца і колькасць гармат, якія будуць здольныя страляць. Стане менш дронаў, менш акумулятараў для дронаў, менш павэрбанкаў для тых жа акумулятараў. Бо ўсё залежыць ад паставак.
Немагчыма або вельмі цяжка будзе ажыццяўляць ратацыю войскаў і эвакуацыю пашкоджанай тэхнікі. Аднойчы высветліцца, што з пяці разбітых машын ужо немагчыма сабраць адну, а ў падраздзяленні няма ніводнага непараненага чалавека, таму баявыя групы можна будзе сфарміраваць толькі з больш-менш лёгкіх «300-х».
І калі гэтыя фактары зліюцца ў адно (калі «тромб» захаваецца!), то для расійскай арміі настане студзень 1943 года.
Магчыма, адміранне і не паспее дасягнуць такіх стадый, як гэта адбылося з 6-й арміяй Паулюса, але калі расіяне не знойдуць эфектыўнай абароны, то менавіта адміранне з'яўляецца непазбежнай перспектывай, а таксама перадумовай для «жэстаў добрай волі».
Калі гэта здарыцца? Яно ўжо адчуваецца! А ці можна вылічыць, калі настане крытычны стан? У нас няма дастатковых дадзеных для такога разліку. Але калі зноў звярнуцца да гістарычных аналагій, то 6-я армія, што трапіла ў акружэнне пад Сталінградам 23 лістапада 1942 года, пачала адчуваць поўнае знясіленне ўжо ў сярэдзіне снежня.
У нашым выпадку ўмовы зусім іншыя. Цёплы час года таксама мае вялікае значэнне. Таму да «сталінградскай хваробы» ў расіян можа і не дайсці — або разваляцца раней, або выправяць становішча. Гэта таксама нельга выключаць. Мы разглядзелі толькі мадэль і паслядоўнасць падзей на прыкладзе гістарычных фактаў. А калі нашы дроны будуць трымаць артэрыю закрытай, падзеі будуць менавіта такімі.
Дзяніс Паповіч, «Фэйсбук»