У мікрараёне для вайскоўцаў пад Масквой выбухнуў аўтамабіль
- 9.06.2026, 10:15
Ёсць загінулы.
У падмаскоўнай Балашысе ў мікрараёне Авіятараў раніцай 9 чэрвеня выбухнуў аўтамабіль, паведамілі мясцовы тэлеграм-канал «Балашиха рулит» і Shot. Моцны выбух прагрымеў у момант, калі кіроўца сеў у BMW X3 і пачаў ад’язджаць з паркоўкі, вынікае з відэа, якое апублікаваў украінскі маніторынгавы канал Exilenova+. Кіроўцу паспелі выцягнуць жывым з палаючага аўтамабіля, але выратаваць яго не ўдалося. Хто менавіта быў за рулём, невядома.
Следчы камітэт пацвердзіў выбух аўтамабіля ў Балашысе. «Кіроўца аўтамабіля атрымаў шматлікія раненні, ад якіх памёр на месцы здарэння», — адзначылі ў ведамстве. Па факце здарэння ўзбуджана крымінальная справа. Мікрараён Авіятараў у Балашысе таксама называюць «Трыццатым». Ён складаецца з 24 панэльных дамоў, узведзеных пераважна для вайскоўцаў і іх сем’яў. Аўтамабіль выбухнуў на вуліцы Калдунава, побач з домам № 10. Ён адносіцца да першага этапу развіцця мікрараёна, калі кватэры ў шматпавярхоўках размяркоўваліся толькі праз структуры Мінабароны РФ.
Нагадаем, у красавіку 2025 года ў Балашысе быў забіты намеснік начальніка галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштаба Яраслаў Маскалік.